Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мішава зрабіў напад на невялікую паўстанскую групу пад вёскаю Горнава ў Белавескай пушчы. Паўстанцы пад начальствам Лапкоўскага ўпарта абараняліся. Дзякуючы незнаёмству з мясцовасьцю і перавазе расійскіх сіл, паўстанцы былі разбіты. Крыху пазьней выступае на сцэну паўстанская група ў Слонімскім павеце. Група знаходзіцца пад начальствам Лукашэвіча і складаецца з некалькіх дзесяткаў чалавек. Яна вельмі лоўка ўхіляецца ад сутычак з расійскімі аддзеламі і займаецца пераважна псаваньнем дарог і мастоў, уносячы навакол дэзорганізацыю. У палове мая мястэчка Оўруч было занята невялікаю паўстанскаю групаю пад начальствам Леанарда Вішнеўскага. Гэтая група перакінулася сюды з Каралеўства. Група некаторы час трымалася ў Оўручы і значна вырасла, дзякуючы таму, што паўстанцаў падтрымлівала сялянства. У хуткім часе яе склад з некалькіх дзесяткаў чалавек узрос да 200 чалавек. Паўстанцы з Оўручу вышлі і накіраваліся ў Мазыршчыну, каб там падняць сялянства проці царскага ўраду. Але тут шчасьце ім здрадзіла. У Мазыршчыне сялянства спаткала паўстанцаў воража. Пад вёскаю Маскалёўкаю паўстанцы былі абкружаны ўрадавымі войскамі і разьбіты. Уцякаючых паўстанцаў сяляне лавілі і здавалі у поліцыі.

У канцы красавіка і ў першай палавіне мая зьявілася шмат дробных паўстанскіх груп у Бельскім, Пружанскім і Слонімскім паветах. Групы звычайна ўхіляліся ад адкрытых боек з расійскімі аддзеламі. Яны стараліся рабіць засады, нападаць на пошты, на казначэйствы, руйнаваць дарогі і г. д. Адна з такіх груп дзейнічала у лясох паміж Бельскам і Бранскам. Мясцовае жыхарства падтрымлівала гэтую групу. У сувязі з гэтым, на аснове падазрэньня ў дапамозе паўстанцам, у Бранску былі публічна павешаны: бранскі асэсар Кургановіч і стары адстаўны салдат Радзінскі.

Адначасна дзейнічае каля мястэчка Косава, Слонімскага павету, невялікая паўстанская група ў складзе каля 40 чалавек. Яна робіць частыя і нечаканыя напады на расійскія ўстановы. Паміж іншым яна напала на паштовы будынак у Запольлі, забрала 22 коні з брычкамі і збруяй. Адсюль яна рушыла на мястэчка Картуз-Бярозу. Тут ёй не ўдалося ўзяць контрыбуцыю з мястэчка. Тады паўстанцы сталі абозам каля Бярозы. Што далей рабіла гэтая група, мы ня ведаем. У лясістай і балотнай мясцовасьці каля вёскі Мілавідаў дзейнічае яшчэ адна паўстанчая група, якая налічвае ў сваім складзе каля 50 чалавек. Ратуючыся ад нападу даволі вялікага расійскага аддзелу, яна пасунулася бліжэй да Меншчыны і раскінулася абозам каля вёскі Чамялы. Праз нейкі час яна была абкружана і разьбіта расійскім аддзелам.

Каля вёскі Чаховічы, Кобрынскага павету, удала дзейнічала невялікая паўстанская група, што налічвала ў сваім складзе каля 30 чалавек. Такія невялічкія групы мы спатыкаем па ўсіх паветах Горадзеншчыны. У складзе груп спатыкаецца даволі многа сялян.