Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паўстанцамі не пайшло, то былі паасобныя групы сялянства, якія ня толькі пасыўна спачувалі паўстаньню, але прымалі ў ім актыўны ўдзел.

У Меншчыне, па данясеньнях губэрскага жандарскага штаб-афіцэра, паўстанскі рух павялічыўся з сярэдзіны красавіка. Паўстанскім ваяводаю Меншчыны ў пачатку быў буйны земляўласьнік Пялікша, які не выяўляў ніякай актыўнасьці. Потым яго месца заняў больш актыўны Гэктар Лапіцкі. Тубэрскім ваенным камісарам Меншчыны быў буйны земляўласьнік з Ігуменшчыны Баляслаў Сьвентаржэцкі. Па розных мясцох губэрні ходзяць паўстанскія групы, якія, перакідаючыся з месца на месца, робяць напады на расійскія аддзелы. Усяго на Меншчыне налічваецца каля 20 паўстанскіх груп. То там, то сям адбываюцца пэрыодычныя абрабаваньні казначэйстваў і пошт, псаваньне тэлеграфу, мастоў і шляхоў. З начальнікаў паўстанскіх груп у Меншчыне вядомы: Ляскоўскі, Карказовіч, Сушчэвіч, Трус, Рушчыц, Каваль, Траўгут, Вэндорф, Матэўскі і інш.

Спынімся на некаторых бойках і сутычках на Меншчыне. У пачатку красавіка зьявіліся дзьве невялікія паўстанскія групы ў Наваградзкім павеце. Адна-была пад камандаваньнем былога штабс-капітана Шалевіча; яна налічвала ў сваім складзе каля 50 чалавек. Другая паўстанская група, якая складалася з 60 чалавек, была пад камандаваньнем Наваградзкага ксяндза Лашкевіча і памешчыка з мястэчка Сенна Паслоўнага. Абедзьве групы хутка злучыліся ў лесе каля мястэчка Налібокаў. 7 красавіка на паўстанцаў напаў расійскі аддзел, які складаўся з аднэй роты Стараінгерманляндзкага палку і 10 казакаў. Бойка цягнулася некалькі гадзін, паўстанцы былі разьбіты і кінуліся ўцякаць. Ксёндз Лашкевіч быў забіты ў бойцы, Шалевіч і Паслоўскі ўзяты ў палон. Сяляне тут былі настроены проці паўстанцаў і ахвотна дапамагалі салдатам браць паўстанцаў у палон.

20 красавіка а 2½ гадзіне ночы паўстанцы зрабілі напад на паштовую станцыю ў Прылуках. Тут яны пагрозамі прымусілі начальніка станцыі, аддаць ім 7 штук коняй і брычку, з запрэжкаю. Каля Прылук гэты самы аддзел паўстанцаў спаткаў нейкага панскага кучара, адабраў у яго брычку, хамут і лейцы, а коняй ня ўзяў, бо яны былі вельмі змучаны. Гэты аддзел меў у сваім складзе каля 90 чалавек. У гэты самы дзень, ў 10—11 гадзін раніцы, аддзел паўстанцаў, каля 100 чалавек, зрабіў напад на Юхнаўскую паштовую станцыю, забраў 22 кані, усе брычкі, калёсы і хамуты. Каля гэтага-ж часу быў зроблены напад на Лядзкую паштовую станцыю пад Бабруйскам. Тут таксама паўстанцы забралі ўсіх коняй з калёсамі і збруяю. Апроч таго, яны зруйнавалі тэлеграфныя слупы Т дрот на працягу 6 вёрст.

Пасьля 20 красавіка ў Слуцкім павеце ўтварыліся чатыры паўстанскія групы, якія па офіцыйных расійскіх вестках усе разам складаюць каля 500 чалавек. Адна з гэтых груп, пад начальствам Бендорфа, была адразу разьбіта расійскім аддзелам пад вёскаю Азерычы. Паў-