Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ючы таму, што з усіх старон да Далэнгі падыходзяць усё новыя і новыя добрахвотнікі.

У рэчаіснасьці справа стаяла зусім іначай: Серакоўскага ў гэты момант у Тэразборы ўжо ня было. Яшчэ 3 мая ўвечары паўстанцы адсюль вышлі. Перад выхадам ваявода Далэнга разьдзяліў сваё войска на тры часткі. Самую большую частку, што складалася з чатырох батальёнаў, ён узяў пад свой непасрэдны загад. Астатнія 5 батальёнаў былі падзелены паміж Колышкаю і Мацкевічам. Усе тры аддзелы павінны былі ісьці так, каб Серакоўскі быў у цэнтры, Колышка на левым крыле, а Мацкевіч на правым крыле. Аддзелы разышліся, кожны па вызначанаму для яго маршруту, каб зноў спаткацца пад вёскаю Мадэйкамі, якая знаходзілася недалёка ад маёнтку Тышкевіча Біржы. Нам зусім няясна, якія прычыны прымусілі Далэнгу, які ўвесь час стаяў на концэнтрацыі паўстанскіх сіл, разьбіць сваё войска на тры часьці.

Першым падышоў да Мадэйкаў аддзел, на чале якога стаяў Колышка. Тут 7-га мая на яго напаў адзін з аддзелаў Ганецкага. Распачалася перастрэлка. У часе перастрэлкі на дапамогу Колышку падышоў аддзел Серакоўскага. Цяпер перавага была на старане паўстанцаў. Яны кінуліся на расійцаў у атаку. Бойка цягнулася амаль паўтары гадзіны. Расійцы павінны былі адступіць, страціўшы да 150 чалавек забытымі і параненымі. Страты паўстанцаў таксама былі вялікія. Ноч супыніла бойку. Расійскі аддзел застаўся начаваць пад Мадэйкамі; а паўстанцы перайшлі пад вёску Гудзішкі.

На другі дзень, 8 мая, пад Гудзішкамі аддзелы Серакоўскага і Колышкі спаткаліся з галоўнымі сіламі Ганецкага. Балоцісты ручай дзяліў паўстанцаў і ўрадавыя войскі. Распачалася перастрэлка, якая цягнулася некалькі гадзін. Урэшце расійская пяхота кінулася праз ручай у атаку на паўстанцаў. Некалькі гадзін цягнулася зацятая бойка. Паўстанцы некалькі разоў адбівалі атакі супраціўніка і праганялі яго назад за ручай. К вечару сілам Ганецкага ўдалося канчаткова перайсьці праз ручай і замацавацца на другім яго беразе. Сілы паўстанцаў усё слаблі. Аддзел Мацкевіча спазьніўся і ня прыходзіў на дапамогу. Шмат палягло народу, у тым ліку шмат начальнікаў груп. Урэшце быў паранены сам Серакоўскі і вынесены з пляцу бойкі. Яго месца заняў начальнік штабу паўстанцаў Ляскоўскі. Паўстанцы ня вытрымалі і пачалі адступаць. Сьнежная завіруха, што ўзьнялася ў гэты час, ня дала магчымасьці расійцам прасьледваць паўстанцаў. Яны на працягу ночы змаглі сабраць людзей і зноў былі гатовы да бою, тым больш, што ўначы пасьпеў падыйсьці на дапамогу, спазьніўшыся, аддзел Мацкевіча.

Раніцою 9 мая Ляскоўскі, сабраўшы рэшткі аддзелаў Серакоўскага і Колышкі, разам з Мацкевічам накіраваўся пад вёску Шнурлішкі, дзе яны хацелі даць адпачынак сваім сілам. Яны думалі, што расійскія сілы ня змогуць без адпачынку разьвіваць сваю чыннасьць.