Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аб чым мы знаходзім у Ласкарыса.[1] Ён вызначае, што земляўласьнікі Ковеншчыны, якія па свайму соцыяльнаму становішчу ўвесь час належалі да белых, вельмі былі здаволены, што Белы Віленскі Аддзел прыслаў вучонага штабнога афіцэра. Яны пачалі падтрымліваць паўстаньне, не шкадуючы для гэтага грошай і наогул сродкаў. Зразумела, справа была ня ў „вучонасьці", а ў напрамку політыкі Серакоўскага.

Апроч таго, выявіліся разыходжаньні паміж Серакоўскім і мясцовымі рэволюцыянэрамі і ў іншых пытаньнях. Адным з такіх пытаньняў было пытаньне аб концэнтрацыі ў Жмудзі вайсковых сіл, што Серакоўскі павінен быў зрабіць згодна пляну. Мацкевіч, Колышка і іншыя начальнікі аддзелаў лічылі, што концэнтрацыі сіл ў адну армію пакуль што зусім ня трэба рабіць, бо гэта зьяўляецца ў даных умовах вельмі рызыкоўнай і небясьпечнай справай. Сабраныя ў суцэльную вялікую адзінку паўстанскія сілы вымагалі лепшай організацыі інтэнданскай часьці, а гэта было немагчыма, тым больш, што з прыездам Серакоўскага павінен быў зьменшыцца нажым на земляўласьніцкую шляхту, з якою Белы Віленскі Аддзел быў вельмі далікатны. Апроч таго, сабраныя ў адну адзінку паўстанскія сілы рызыкавалі быць разьбітымі за адзін раз пры сустрэчы з моцным расійскім аддзелам. Уся справа рызыкавала зрабіцца траскучым фэервэркам, чаго зусім не хацелі мясцовыя працаўнікі.

Абапіраючыся на сваё ўпаўнаважаньне, Серакоўскі настойваў на выкананьні пляну і на концэнтрацыі пад яго кіраўніцтвам усіх мясцовых узброеных сіл. Не жадаючы ламаць адзінага фронту з белымі, а таксама і вайсковай дысцыпліны, Мацкевіч, Колышка і іншыя начальнікі паўстанскіх груп павінны былі падпарадкавацца загаду. Збор паасобных аддзелаў у адзін вялікі аддзел быў назначаны на 19 красавіка ў Крэмянецкіх лясох кадя Кейданаў. У гэты дзень у рэчаіснасьці тут сабраліся паўстанскія сілы, якія ўсе разам складалі каля 1000 чалавек. Чуткі, што разышліся наўкола, моцна перавялічвалі сапраўдную лічбу паўстанцаў. Нават офіцыйныя данясеньні моцна грашылі гэтым грахом. І. П. Карнілаў, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Мураўёва-вешальніка, у сваіх успамінах[2] піша аб гэтым так: „В донесении (якое было атрымана ў Вільні. У. І.) было сказано, что по полученным сведениям в окрестностях Вилькомира, Поневежа и в Александровском уезде собрались вооруженные шайки, числом до 20000 человек". У страха, як кажуць, вочы вялікія. Гэткія чуткі прымусілі расійскую адміністрацыю зьвярнуць вялікую увагу на паўстанскі рух у Ковеншчыне і кінуць туды шмат войска. Гэты факт лішні раз пацьвярджае, што Мацкевіч, Колышка, Малецкі і іншыя начальнікі паўстанскіх аддзелаў мелі рацыю, калі не згаджаліся з Серакоўскім

  1. Jerzy Laskarys. Wyprawa Sierakowskiego. W Dreznie. Zesz. I
  2. И. П. Корнилов. Воспоминания о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае. (По рассказам ген.-адьютан. Гонецкого) СПБ. 1900 г., ст. 17.