Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абыходжаньнем з сялянамі. Адносіны свае да земляўласьніцкай шляхты Мацкевіч малюе так: „З абшарнікамі я быў не ў ладох, бо бачыў у іх асобе старую польскую шляхту, варожую народу. Апроч таго, яна была больш польскаю, чым літоўскаю".[1] Свае політычныя погляды А. Мацкевіч формулюе так. „Маім імкненьнем было — вярнуць майму літоўскаму народу правы люднасьці, зьнішчаныя шляхтаю і пакінутыя бяз увагі адміністрацыяй. Я заўжды лічыў патрэбным організоўваць паўстаньні ў Ковенскай, Віленскай і Горадзенскай губэрнях раней партызанскае, а потым народнае. Організатарам я быў не па прымусу, а па ўласнаму перакананьню.[2] Жаданьне людзям дабра дало мне магчымасьць і моц падняць народ, як для прабуджэньня ў ім самасьвядомасьці, так і для выяўленьня пытаньня, з кім ён хоча злучыцца: з Расіяй ці Польшчай. Такое народнае права ўжо існуе ў Эўропе. У нас яно магло быць выяўлена ня іначай, як толькі праз самавызваленьне, якое здабываецца толькі вайною, якая павінна была загарэцца на Літве пры паўстаньні ў Царстве Польскім. Такія былі мае політычныя погляды. Але дзякуючы таму, што Літве не хапае шмат якіх умоў для самастойнай рэволюцыі, я хацеў усёй масаю дапамагаць Польшчы, разам з тым вымагаць дапамогі з яе боку для літоўскай рэволюцыі, каб здабыць для майго народу хоць часовае замацаваньне грамадзянскіх праў і бясплатны надзел зямлі, які ў будучыне мог-бы палепшыць народны дабрабыт".[3]

Удзел у паўстаньні, як мы бачылі раней, Антон Мацкевіч прыняў у палове лютага 1863 году. „Маючы ўжо гатовы да паўстаньня народ, я падняў штандар паўстаньня і, пасьля набажэнства, з 250 паўстанцамі накіраваўся ў лес“.[4] Аддзел Мацкевіча амаль што цалкам складаўся з сялян. Ён быў узброены паляўнічымі стрэльбамі, шаблямі, косамі і пікамі. На чале паўстаньня тады стаяў яшчэ чырвоны Віленскі Камітэт; з якім і быў зьвязаны А. Мацкевіч. У сваіх паказаньнях ён гаворыць аб гэтым і вызначае, што ўмовы консьпірацыі не дазвалялі яму нават старацца даведацца аб асобах, з якіх складаўся Віленскі Камітэт.

Месцам чыннасьці свайго паўстанскага аддзелу А. Мацкевіч зрабіў непраходную Кракінаўскую пушчу, што знаходзілася ў самым цэнтры ўласнае Літвы. Адсюль ён рабіў нечаканыя, і вельмі ўдалыя напады на паасобныя расійскія аддзелы. Аддзел Мацкевіча паступова ўзрастаў: праз некалькі дзён ён налічваў у сваім складзе больш 400 чалавек. Паўстанцы ўвесь час вучыліся вайсковай справе і захоўвалі самую моцную дысцыпліну. Сярод сялянства Ковеншчыны аддзел Мацкевіча быў вельмі цопулярны. Сяляне падтрымлівалі яго харчамі як бяз платы, так і за плату. У сваіх паказаньнях А. Мацкевіч гаворыць, што харчы ён атрымоўваў ад „народу", які ахвотна ішоў яму на спатканьне ў гэтых адносінах. Прыходзілася часам браць харчы і ад паноў,

  1. Ibidem, ст. 21
  2. Ibidem, ст. 4
  3. Ibidem, ст. 21
  4. Ibidem, ст. 20