Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

магчымым і патрэбным яшчэ больш атручваць гэтым дурманом сялянскія галовы, то ўсё-ж такі сялянства, нават і атручанае, не пайшло-б за Мацкевічам, калі-б ён не падкрэсьліў выразна сваёй „мужыцкай" процішляхецкай програмы дзейнасьці.

Па свайму пахаджэньню Антон Мацкевіч быў літвін. Як і К. Каліноўскі, А. Мацкевіч быў сын зусім зьбяднелага дробнага шляхціца, які меў невялікі кавалак зямлі недалёка ад мяст. Цытавяны. Навучыўшыся чытаць і пісаць у хаце, хлопчык пачаў выяўляць выдатныя здольнасьці да навукі. Бацькі былі бедныя і мала маглі дапамагчы сыну ў гэтых адносінах, ува ўсякім выпадку яны не маглі наняць для яго хатняга настаўніка. Калі Мацкевічу было 12 год, ён паступіў у Віленскую гімназію. У гімназіі, дзякуючы беднасьці бацькоў, яму жылося вельмі дрэнна. Скончыўшы даволі пасьпяхова гімназію, Мацкевіч паступіў у Кіеўскі унівэрсытэт. У Кіеве, як і ў Пецярбургу, існавалі падпольныя опозыцыйныя і рэволюцыйныя гурткі, у адзін з якіх трапіў і Мацкевіч. Тут ён прышоў да вельмі нечаканага, з нашага пункту погляду, вываду. Літоўскі селянін, католік па свойму вызнаньню, — вельмі рэлігійны, ён верыць аўторытэту ксяндза. Ксёнд для яго — безапэляцыйны аўторытэт. Для таго, каб уцягнуць сялянства ў рэволюцыйны рух, трэба выкарыстаць яго рэлігійнасьць, выкарыстаць прызнаньне селянінам аўторытэту ксяндза. Для рэволюцыйнай працы сярод сялянства трэба апрануць на сябе ксяндзоўскую сутану. А. Мацкевіч так і зрабіў. У сваіх паказаньнях на судзе па гэтаму пытаньню Мацкевіч[1] гаворыць так: „я ня ведаю, ці вы мне паверыце: але годнасьць ксяндза я прыняў у мэтах здабыцьця лепшага доступу да майго народу і хутчэйшага скарыстаньня яго даверся".

Трэба вызначыць, што ў часы паўстаньня 1863 году такія выпадкі, калі моладзь для агітацыйных і рэволюцыйных мэтаў выкарыстоўвала рэлігію, былі даволі частыя. Гэта мы бачым, калі чытаем тагочасныя паўстанчая адозвы, часопісы, „залатыя граматы" і г. д. Дробна-буржуазны рэволюцыянэр, нават робячы рэволюцыю, атручвае масы імем бога ці цара, лічачы, што гэта памагае рэволюцыі. Таксама і рэакцыянэры прызнаюць, што такая рэволюцыянізацыя мас вельмі дзейная. Так, напрыклад, думае біскуп Фэлінскі, аб якім мы ўжо гаварылі раней.

Зрабіўшыся ксяндзом, А. Мацкевіч сваю блізкасьць да сялянства выкарыстоўваў для агітацыі. Ён даводзіў, што „прычынаю ўбоства і ўціску сялян зьяўляецца царскі ўрад", што не ў далёкай будучыне „настане такі час, калі ўвесь народ паўстане, прагоніць цара і здабудзе сабе вольнасьць". Мацкевіч стараўся быць прысутным на ўсіх сходбішчах сялян, каб весьці пропаганду. Па яго словах яму памагалі весьці пропаганду — паліцыя сваімі гвалтамі і шляхта сваім нялюдзкім

  1. А. Стороженко. Ор. сit., ст. 19