Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

павінна было зусім зьмяніць становішча паўстанскай справы, павінна было паставіць паўстаньне на цьвёрдыя ногі, зрабіць яго сапраўднаю вайною, накіраванаю проці расійскага ўраду. Вызначаючы для гэтай сваёй дзейнасьці лясы і балоты ўласна Літвы, З. Серакоўскі меў на ўвазе фізычныя якасьці гэтай тэрыторыі, якія рабілі яе недаступнаю для расійскага войска. Апроч таго, ён бязумоўна меў на ўвазе яшчэ і той факт, што тут з самага пачатку працаваў ксёндз Антон Мацкевіч, якога, ня гледзячы на яго ксяндзоўскую сутану, трэба залічыць да чырвоных паўстанцаў. Яму ўдалося ўтварыць тут моцныя паўстанскія аддзелы, якія амаль-што цалкам складаліся з сялян і ўтрымліваліся таксама амаль выключна сялянствам. Зразумала, аддзелы А. Мацкевіча маглі быць ядром той рэгулярнай паўстанскай арміі, якую З. Серакоўскі меў намер утварыць.

Асоба Антона Мацкевіча, аб якім мы ўжо ўпаміналі раней, была цікаваю фігураю паўстаньня, на якой трэба крыху спыніцца. Цэлы шэраг аўтараў-сучасьнікаў прызнаюць за Мацкевічам шмат выдатных якасьцяй. Ведае яго і Мураўёў-вешальнік. У сваіх запісках ён адзываецца аб Мацкевічу так: „Мацкевіч — чалавек надзвычайна лоўкі, дзейны, разумны і фанатык. Ён меў нязьмерны ўплыў на народ".[1] Характарызуе А. Мацкевіча ў сваіх успамінах і Н. Імэрэцінскі. Ён піша аб ім наступнае: „Ксёндз Падбярэскага касьцёлу Ўладыслаў (імя ў успамінах пераблытана. У. І.) Мацкевіч па адукацыі і ваеннай падрыхтоўцы бязумоўна стаяў ніжэй за Серакоўскага і Нарбута, але затое быў здальнейшы за іх абодвух, узятых разам. Наколькі я магу меркаваць з усяго, што я аб ім чуў, Мацкевіч меў нязвычайны розум, быў абдараны няўгібнаю воляю і нязломнай энэргіяй".[2] Далей Імэрэцінскі слова ў слова паўтарае тое, што сказаў аб Мацкевічу Мураўёў.

Пасьля гэтых сьведчаньняў, якія зроблены ворагамі паўстаньня і Мацкевіча, мы падамо словы самога Мацкевіча аб уплыве яго на сялянства. У сваіх паказаньнях на судзе ён гаворыць аб гэтым так. „На мой заклік моладзь пакінула сваіх бацькоў і сабралася са зброяю ў руках і з цьвёрдай рашучасьцю ў душы абараняць бацькаўшчыну. Такім чынам народ на падставе рэлігійнага пачуцьця, а шляхта дзеля шуканьня знадворных адзнак пашаны для сябе, ці проста трымаючыся моды, пайшла за мною. Я павінен дадаць, што такога посьпеху я дасягнуў не адразу, але ўпартаю працаю на працягу дванаццаці год".[3] Зразумела, што сялянства ішло за А. Мацкевічам зусім ня толькі дзеля рэлігійнага пачуцьця. Калі рэлігія ў тыя часы і была яшчэ вельмі пашыраным дурманом, калі дробна-буржуазныя рэволюцыянэры лічылі

  1. Pamietniki М. M.Murawjewa „Wieszatiela". 1863—1865 z przedmowa St. Тагnowskiego. Wyd. III. W Krakowie. 1902, ст. 59.
  2. Н. Имеретинский. Воспоминания о гр. М. Н. Муравьеве, Исторический Вестник 1892 года, т. 50, ст. 614—615.
  3. А. Стороженко. Ксендз Мацкевич, предводитель шайки мятежников. Вильна. 1866 г., ст. 19.