Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

наду і выступіла актыўна проці паўстанцаў, падтрымліваючы царскі ўрад.

Пры такіх умовах паўстанцам ня можна было разгарнуць сваю чыннасьць у Магілёўшчыне. Трэба было думаць аб іншым раёне. Да Зьвярждоўскага дайшлі весткі, што на захадзе, у Менскай губэрні, сялянства адносіцца да паўстанцаў прыхільна. Ён і пачаў з сваім аддзелам прабівацца на захад, да граніц Меншчыны. Становішча аддзелу было вельмі цяжкое, бо сялянства ня толькі не падтрымлівала яго, але наадварот, перашкаджала яму на кожным кроку. Голад канчаткова дабіў паўстанцаў. З кожным днём аддзел зьмяншаўся. Калі паўстанцы падышлі да Прапойску, аддзел налічваў у сваім складзе ня больш як 30 чалавек. Настрой аддзелу быў такі, што Зьвярждоўскаму заставалася толькі распусьціць яго, што ён і зрабіў.

Паўстанцы паслалі ў мяст. Прапойск да станавога прыстава сваіх прадстаўнікоў з заяваю, што яны хочуць здацца. Прыстаў гэтую здачу прыняў. Паўстанцы здалі зброю, былі заарыштаваны і пад ахранай сялянскай варты былі адпраўлены ў Магілёў. Амаль што адначасна з гэтым быў ліквідаваны паўстанскі рух у Аршанскім, Рагачэўскім і іншых паветах Магілёўшчыны. Галоўнейшыя паўстанцы былі арыштаваны, прысуджаны да кары сьмерцю і потым расстраляны. У Магілёве расстралялі падпаручніка Корсака, двох прапаршчыкаў братоў Манцэвічаў і шляхціча Анцыпу. У Рагачэве расстралялі Тамаша Грыневіча, у Оршы — Будзіловіча.

Калі рэшткі адзелу Зьвярждоўскага здаваліся ў Прапойску ў рукі расійскай улады, самога Зьвярждоўекага там ужо ня было. Пабачыўшы разлажэньне аддзелу, ён яго распусьціў, а сам з некалькімі больш устойлівымі таварышамі накіраваўся ў Магілёў. Уся поліцыя была паднята на ногі, каб злавіць яго. Ня гледзячы на гэта, пад чужым імем, пераапрануўшыся, ён здолеў прасядзець у самым Магілёве некалькі дзён. Поліцыі і ў галаву ня прыходзіла, што Зьвярждоўскі адважыцца хавацца ў самым горадзе. Здабыўшы тут пашпарт і грошы, Зьвярждоўскі з вялікімі цяжкасьцямі выбраўся нейкім спосабам да Чорнага мора. Тут яму ўдалася морам дабрацца да Константынопаля, дзе ён і супыніўся. Жывучы ў Константынопалі, Зьвярждоўскі ня губляў сувязі з паўстаньнем. Вельмі хутка яму ўдалася прабрацца ў Польшчу, дзе ён ізноў прыймае вельмі чынны ўдзел у ўзброенай барацьбе з царызмам. У лютым 1864 году Тапор-Зьвярждоўскі стаіць на чале аднаго аддзелу ў Кракаўскім ваяводзтве пад агульным камандваньнем Куроўскага. 21-га лютага ён з сваім аддзелам прымае ўдзел у нападзе на г. Апатаў. Горад амаль што быў узяты. У канцы бою ўрадаваму войску ўдалося адбіць паўстанцаў. Зьвярждоўсікі ў часе бойкі быў паранены штыком і вынесены з бою. Адступаўшыя з-пад Апатава паўстанцы нечакана спаткаліся з расійскімі сіламі, што ішлі на дапамогу Апатаву. Паўстанцы былі разьбіты, шмат па-