Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вучоны „лібэральнага" напрамку, дырэктар Інстытуту Траўтфэтэр. Сярод профэсарскага складу было шмат палякаў, напрыклад, Венскоўскі, Выбраноўскі, Цялінскі, Жабенка і інш.; апошні быў інспэктарам Інстытуту. Сярод студэнтаў таксама было шмат палякаў. Былі і беларусы, асабліва ў дапаможных школах. Студэнты ў Інстытуце наогул спачувалі паўстанцам. Опозыцыйны ўплыў на студэнтаў перадаваўся праз Горацкага местачковага і інстытуцкага ксяндза Манюшку і інспэктора Інстытуту Жабенку. У пачатку лютага, калі і на Беларусі распачалося паўстаньне, ксёндз Манюшка адправіў у Горацкім касьцёле ўрачыстае набажэнства, на якім прысутнічала шмат студэнтаў і наогул моладзі. Ксёндз адчытаў казаньне, накіраванае проці расійскага ўраду, і заклікаў моладзь да ўдзелу ў паўстаньні. Моладзь з свайго боку дала ўрачыстае абяцаньне стаяць да канца за вызваленьне Польшчы ў старых межах з-над улады Расіі. Сярод студэнтаў з цягам часу была ўтворана падпольная паўстанская організацыя, якая налічвала каля 70 студэнтаў; на чале організацыі стаяў студэнт Віскоўскі. Студэнцкая організацыя мела вялікае значэньне для Л. Зьвярждоўскага. Па-першае, яна колькасна магла вельмі ўзмацніць невялікі яго аддзел. Па-другое, яна давала аддзелу Тапара маладыя, адукаваныя, энэргічныя, агітацыйна-пропагандыцкія сілы, якія былі патрэбны пры тым паходзе паўстанскага аддзелу ў самую глыбіню Расіі, які быў вызначаны па пляну.

Завязаўшы папярэднія зносіны з студэнцкай організацыяй Інстытуту, Зьвярждоўскі-Тапор ў ноч з 5-га на б-е мая рушыў на Горкі. Горкі былі зусім невялікім мястэчкам, якое толькі нядаўна было абвешчана павятовым горадам. У якасьці гарнізону ў горадзе стаяла звычайная інвалідная каманда, якая складалася з 200 чалавек. Каманда, дзякуючы таму, што ў горадзе ня было падыходзячага памерам будынку, толькі часткаю разьмяшчалася ў кашарах. Большасьць яе была раскідана па ўсяму мястэчку на пастоі ў прыватных кватэрах. Трэба дадаць, што не ўва ўсіх нават інвалідаў былі на руках стрэльбы і набоі. Сучасьнік тагочасных падзей С. Кулеша ў сваіх успамінах піша: „Около 12 числа апреля (па новаму стылю 24 красавка. У. І.) начальник инвалидной команды под благовидным предлогом отправил фельдфебеля в Могилев. Отобрав у команды боевые патроны, он сложил их в цейхгауз, а солдат разместил по частным квартирам в городе“.[1] Калі верыць гэтаму сьведку, дык у Горацкіх інвалідаў на руках зусім ня было баявых набояў. З гэтым ня можна згадзіцца, бо ўсе іншыя весткі гавораць, што баявыя набоі ў салдат былі; ня было толькі ў дастатковым ліку стрэльбаў. Ня можна згадзіцца і з тым, што інваліды былі разьмешчаны па прыватных кватэрах па асобнаму загаду начальніка каманды толькі ў канцы красавіка, бо і раней частка інвалідаў не зьмяшчалася ў кашарах. С. Кулеша, апроч таго,

  1. Степан Кулеша. Горы-Горецкая катастрофа, 22-23, IV, 1863 гада. Воспоминания очевидца. „Русская Старина", 1883 г. кн. IX, ст. 613.