Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цэрскага, чыну, быў амніставаны і ў 1857 годзе паступіў у Пецябурскую Акадэмію Генэральнага Штабу. Будучы ў акадэміі, Серакоўскі зноў аднавіў сувязі з рэволюцыйнымі гурткамі і іграў у іх даволі значную ролю. Чынны ўдзел у рэволюцыйным руху не перашкаджаў яму, аднак, добра вучыцца ў Акадэміі і пасьпяхова рабіць ваенную кар‘еру.

Пасьля сканчэньня акадэміі, ён, як таленавіты і акуратны афіцэр, быў прыкамандыраваны_да ваеннага міністэрства ў якасьці ад'ютанта самога ваеннага міністра Мілюціна. Тут ён прымаў удзел у складаньні проекту ваеннага карнага кодэксу, які насіў у тыя часы „лібэральны" характар. Часта Серакоўскаму па службовых справах прыходзілася бываць на кватэры міністра і тут у час прыватных гутарак закранаць польскае пытаньне. Серакоўскі трымаў сябе вельмі консьпіратыўна, і расійскаму ваеннаму міністру ніколі не магла прыходзіць у галаву думка, што ён мае справу з удзельнікам рэволюцыйнага руху і будучым паўстанскім ваяводай на Беларусі і Літве. Наадварот, Серакоўскі з кожным днём усё больш і больш заваёўваў даверу ваеннага міністра. У 1861 годзе міністэрства ваенных спраў дало Серакоўскаму замежную службовую камандыроўку, раней у Лёндан на міжнародны статыстычны конгрэс, потым у Парыж і Алжэр для знаёмства з рэформаю карнага ваеннага кодэксу ў Францыі і яе колёніях. Ня гледзячы на так бліскуча распачатую ваенную кар‘еру, З. Серакоўскі застаецца верным сваім рэволюцыйным перакананьням. Сваю замежную камандыроўку ён выкарыстоўвае для таго, каб устанавіць неабходныя сувязі з выдатнейшымі рэволюцыянэрамі таго часу. У бытнасьць сваю за межамі Расіі ён пазнаёміўся з Мадзіні, Гарыбальдзі, Герцэнам, Мераслаўскім і інш. Таксама былі ім наладжаны сувязі з больш шырокімі коламі польскай чырвонай і белай эміграцыі. Па дарозе з-за мяжы Серакоўскі заяжджаў у Варшаву і Вільню, дзе пабачыўся з выдатнейшымі кіраўнікамі будучага паўстаньня ў Польшчы, на Беларусі і Літве. Апроч таго, па даручэньню свайго патрона ваеннага міністра, Серакоўскі зрабіў агляд цытадэляй Віленскага ваеннага округу, Берасьця, Дзьвінску і інш. Зразумела ўсё гэта магло прыдацца і прыдалося яму ў час паўстаньня.

У пачатку другой палавіны сакавіка 1863 года Серакоўскі прыняў ад Віленскага Аддзелу прызначэньне на пасаду ваеннага начальніка над узброенымі паўстанскімі сіламі ўсёй Беларусі і Літвы. Ён вышаў у адстаўку з расійскай службы і прыехаў у Вільню. Тут ён падаў на зацьвярджэньне Віленскага Адзелу той ваенны плян паўстаньня на Літве і Беларусі, які быў распрацаваны ім яшчэ ў Пецярбургу. Аддзел зацьвердзіў паданы плян з некаторымі зусім невялікімі зьменамі і дадаткамі.

Плян быў пабудаваны згодна пашыранага тады „белага" прынцыпу, што кроў паўстанцаў павінна вызначыць межы будучай Рэчы