Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стаяла ў сувязі з тым, што кіраўніцтва паўстаньнем у восень 1863 году было ўжо ў руках крайніх чырвоных, і яны імкнуліся на ўсе важнейшыя пасады пасадзіць спачуваючых ім людзей.

Адначасна з гэтым у лісьце да К. Каліноўскага Ў. Малахоўскі піша і аб сумным становішчы справы ў расійскіх рэволюцыянэраў, з якімі ён аднавіў сувязі ў Пецярбургу. Па думцы Малахоўскага яны „ня толькі ня могуць падтрымаць паўстаньня на захадзе імпэрыі, але самі патрабуюць падтрыманьня. Малахоўскі лічыць, што рэволюцыянэраў у Пецярбургу трэба абавязкова падтрымаць, бо гэта будзе карысна агульнай рэволюцыі. Для гэтай мэты ім трэба пераслаць з Вільні станок для падпольнай друкарні і грашовую дапамогу. К. Каліноўскі ў асноўным згадзіўся з прапановаю Малахоўскага адносна дапамогі расійскім рэволюцыянэрам у Пецярбургу. Была наладжана пасылка з Вільні ў Пецярбург ручной друкарні. Аднак гэтая друкарня ў Пецярбург так і не папала. Віленская жандармэрыя прасачыла ўсю справу і заарыштавала як друкарню, так і тых людзей, што былі пры ёй у момант яе адпраўкі на Віленскім вакзале. Што датычыць грашовай дапамогі, дык яна, здаецца, зусім ня была выслана.

Яшчэ пачынаючы з сярэдзіны сакавіка ў Пецябурскім Аддзеле па даручэньні Белага Віленскага Аддзелу распрацоўваўся ваенны плян паўстаньня на Беларусі і Літве. У Пецярбургў былі ўсе даныя для добрай распрацоўкі пляну, бо там было даволі ваенных спэцыялістых, якія адпавядалі па сваёй кваліфікацыі ўскладзенаму на іх заданьню. Адпаведнасьць за распрацоўку пляну была ўскладзена на Зыгмунда Серакоўскага, які ў далейшыя часы, па думцы Віленскага Аддзелу, павінен быў стаць на чале ўсяго паўстаньня на Літве і Беларусі.

З імем Серакоўскага мы спатыкаліся ўжо значна раней. Гэта быў рэволюцыянэр вельмі памяркоўнага чырвонага напрамку. Тое, што ён па сваіх перакананьнях належаў да памяркоўнай чырвонай групы, значна спрашчала яго адносіны для белага Віленскага Аддзелу і Варшаўскага Жонду.

Серакоўскі паходзіў з дому дробна-земляўласьніцкай шляхты Луцкага павету Валынскай губэрні. Яго бацька прымаў чынны ўдзел у паўстаньні 1831 году і быў забіты ў аднэй бойцы паўстанцаў з расіянамі. Зыгмунт Серакоўскі, пасьля сканчэньня Жытомірскае гімназіі ў 1845 годзе паступіў у Пецябурскі унівэрсытэт. Тут ён адразу пачаў выяўляць сябе, як опозыцыянэр, радыкальна-дэмокрытычнага напрамку. Будучы ўжо на трэцім курсе, Серакоўскі быў арыштаваны ў той момант, калі ён зьбіраўся перайсьці аўстрыйскую граніцу. Што прымусіла яго да переходу на аўстрыйскую (галіцыйскую) тэрыторыю не вядома. Пасьля даволі доўгага зьняволеньня ў турме, раней у Кіеве, потым у Пецярбургу, адміністрацыяй была выкрыта яго політычная нядобранадзейнасьць, і ён быў высланы ў Арэнбурскія лінейныя батальёны ў якасьці звычайнага салдата. Тут ён даслужыўся да афі-