Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гурткоў зьбіраліся, чыталі і пашыралі забароненую як польскую, так і расійскую падпольную літаратуру, узмацнялі свой сьветапогляд, спрачаліся аб шляхох рэволюцыі і г. д. Толькі паасобныя сябры гурткоў, як напрыклад, пералічаныя вышэй, злучалі тэорыю з практыкай рэволюцыі. Справа павінна была зьмяніцца з пачаткам паўстаньня. Гурткі ад слоў павінны былі перайсьці да справы. Яны павінны былі і організацыйна перабудавацца на больш консьпірацыйных асновах і прыстасавацца да непасрэдных патрэб распачатага паўстаньня, якія яны павінны былі задавальняць па меры сваіх сіл і магчымасьцяй.

Зносіны паміж тэрыторыяй, ахопленай паўстаньнем, і паасобнымі рэволюцыйнымі гурткамі Пецярбургу ажывіліся. Варшава і Вільня зьвярнулі яшчэ большую ўвагу на прыстасаваньне рэволюцыйнага руху ў Пецярбурзе да патрэб паўстаньня. У першую чаргу трэба было прыдаць рэволюцыйным гуртком большую концэнтрацыю і організацыйна зьвязаць іх з паўстанскім цэнтрам. Ужо ў пачатку лютага 1863 году Пецярбурская польская рэволюцыйная організацыя была зьвязана з Варшаўскім Цэнтральным Камітэтам-Жондам, як яго філіяльны аддзел, і атрымала назву Замежнага Пецярбурскага Аддзелу Варшаўскага Жонду. Замежным Пецярбурскі Аддзел быў названы так дзеля таго, што ён знаходзіўся па-за межамі былой Рэчы Паспалітай Польскай.

Потым распачаліся перагаворы Варшаўскага Народнага Жонду з вядомым ужо нам Ёзафатам Агрызкаю аб тым, каб ён згадзіўся стаць на чале рэволюцыйнай справы ў Пецярбурзе. Агрызка ня прымусіў сябе доўга ўгаварваць. Ужо ў сярэдзіне лютага аб яго згодзе было даведзена да ведама Варшаўскага Жонду. Член Жонду Стэфан Баброўскі адразу выслаў на імя Агрызкі офіцыйнае прызначэньне на пасаду галоўнага агента Народнага Жонду ў Пецярбурзе і начальніка Загранічнага Пецярбурскага Аддзелу. Адначасна была выслана яму і адпаведная пячатка. На аснове спэцыяльнай інструкцыі, атрыманай з Варшавы, Пецярбурскі Аддзел павінен быў весьці пастаянныя зносіны з расійскімі рэволюцыйнымі організацыямі, зьбіраць матар‘яльныя сродкі для паўстанскіх мэтаў, весьці агітацыю сярод опозыцыйна настроеных афіцэраў, каб яны кідалі расійскую службу і ішлі ў шэрагі паўстанцаў. Аддзел, організуючы пасылку на тэрыторыю паўстаньня афіцэраў, павінен мець на ўвазе ў першую чаргу тэрыторыю Літвы і Беларусі. Апроч Ёзафата Агрызкі ў Пецярбурскім Аддзеле працавалі, як члены Аддзелу — Э. Гундзіл, інжынэр-падпаручнік, У. Касоўскі — паручнік артылерыі і Тадэуш Апоцкі — урадовец адной з цэнтральных пецярбурскіх устаноў. Усё гэта былі энэргічныя, дзейныя працаўнікі і вельмі добрыя консьпіратары.

Бязумоўна, самаю выдатнаю фігураю ў Замежным Пецярбурскім Аддзеле быў Ёзафат Агрызка. Займаемая ім відная і адказная пасада віцэ-дырэктара дэпартаманту неакладных збораў у міністэрстве фінан-