Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пакінулі ў Вільні на другараднай ролі. 31-га сакавіка Выканаўчы Аддзел выдаў адозву да землякоў-літвіноў, у якой заклікаў іх да ўдзелу ў паўстаньні і да аб‘яднаньня іх з палякамі. Погляд на паўстаньне ў белых на Беларусі той самы, што і ў белых у Польшчы. Паўстаньне павінна ахапіць усю тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб па пралітай паўстанскай крыві можна было вызначыць межы будучай Польшчы. Што датычыць рэалізацыі межаў, то гэта будзе зроблена не паўстаньнем, а чужаземнай дыплёматыяй, а ў лепшым выпадку чужаземнай інтэрвэнцыяй. Сацыяльны бок паўстаньня затушоўваецца, падкрэсьліваецца політычны бок. Белы Выканаўчы Аддзел лічыць патрэбным уцягнуць у паўстаньне земляўласьніцкую шляхту. Зразумела, гэта магчыма толькі пры ўмове адсутнасьці рэзкай і яснай пастаноўкі сялянскага пытаньня ў бок аграрнай рэволюцыі. Прыцягненьне да паўстаньня земляўласьніцкай шляхты такою цаною прывяло да таго, што сялянства засталося збоку і масава ня было ўцягнула ў паўстаньне. На гэтым грунце царскі ўрад потым будзе будаваць сваю політыку, нацкоўваючы сялян на паўстанцаў. Чырвоным, што былі накіраваны на другарадныя ролі, было вельмі цяжка, нават амаль-што немагчыма выпростваць лінію паўстаньня, скрыўленую політыкаю белага Аддзелу. Здача кіраўніцтва белым і праца пад іх кіраўніцтвам зусім зьвяла на нішто ролю і значэньне чырвоных як у Польшчы, так і на Беларусі.

Захапіўшы ўладу і кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі ў свае рукі, белы Кіраўнічы Аддзел стараўся на мясцох насадзіць сваіх людзей, здымаючы з пасад усіх прызначаных Чырвоным Камітэтам. Былі разьмеркаваны абавязкі і ў Аддзеле сярод яго членаў. Старшынёю Аддзелу быў абраны Я. Гейштор, прызнаны на гэтай пасадзе і Варшаўскім Народным Жондам. Апроч таго, Гейштору было даручана кіраваньне ўнутранымі справамі, забясьпечаньне паўстанскіх аддзелаў харчамі, амуніцыяй і зброяю і агульны нагляд над імі. В. Старжынскаму Аддзел даручыў агульнае політычнае кіраўніцтва і чужаземныя справы. Старжынскі ня прымаў непасрэднага ўдзелу ў справах Аддзелу і нават ня жыў у Вільні. Еленскаму было даручана весьці грашовую частку. Пасаду начальніка места Вільні заняў Аскерка. Яго намесьнікам быў назначаны Малахоўскі, які пры Чырвоным Камітэце займаў пасаду начальніка места. Як ужываліся белы шэф з сваім чырвоным намесьнікам, мы ня ведаем. Трудна думаць, што адносіны паміж імі былі добрыя. Але ўва ўсякім выпадку самы факт згоды на супрацоўніцтва гаворыць аб дробнабуржуазнай нявытрыманасьці лініі і згодніцтва нават такіх яўна выразных крайніх: чырвоных, як К. Каліноўскі і У. Малахоўскі. Магчыма думаць, што, будучы намесьнікам Аскеркі, Малахоўскі нічога не рабіў. Прынамсі так выходзіць, мяркуючы па словах О. Авэйдэ. «В Вильне, в этом центре деятельности провинциальной власти Отдел не образовал совершенно ни