Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

такім. У сваіх запісках (Т. І, стар. 243) Я. Гейштор малюе яго такімі рысамі: „Камісар Н. Дюлёран на няшчасьце быў протатыпам тай шматлічбавай клясы людзей жывых, сумятлівых, на выгляд гарачых, якіх шмат парадзіла паўстаньне, а каралеўства нам пасылала. Украдчывы, досыць шустры, думаючы аб сабе вельмі многа, лічачы іншых за нішто, не забываючы сярод найвялікшых небясьпек аб сваіх асабістых нарасьцях, ён з інтарэсамі краю злучаў дурацкія выбрыкі дзяцюкоў-недавучак“. Такога камісара павінен быў у свае часы цярпець Чырвоны Камітэт, а цяпер з ім будзе мець справу Белы Камітэт.

Варшаўскі Жонд даў загад Н. Дюлёрану, каб ён разам з Я. Гейшторам утварыў белы кіруючы цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі пад назваю „Кіраўнічы Аддзел провінцыямі Літвы". Разам з тым быў пасланы загад Віленскаму Чырвонаму Камітэту, каб ён здаў новаўтворанаму Аддзелу ўсе свае паўнамоцтвы і пячатку. З гэтага моманту пачалася больш абвостраная барацьба паміж белым і чырвоным Камітэтам за ўладу, за права кіраваньня паўстаньнем на Літве і Беларусі. Чырвоны Камітэт не здаваўся. Ён меў усе правы на кіраўніцтва паўстаньнем, як яго пачынальнік і організатар, які яшчэ ня так даўно бараніў самы прынцып паўстаньня ад белых, што хацелі ня толькі затушаваць, але і зьнішчыць гэты прынцып. Чырвоны Камітэт вызначаў, што Варшаўскі пабялелы Жонд ня мае ніякага права ўмешвацца ў дамовыя справы Беларусі і Літвы. Тады белыя перайшлі да пагроз. Апошняя іх пагроза была самаю „моцнаю": яны заявілі што ня спыняцца нават перад здрадай і выдачай чырвоных у рукі расійскага ўраду. Перад такою пагрозаю чырвоны Камітэт ня здолеў трымацца і павінен быў здацца.

В. Пшыбароўскі[1] так апісвае гэты момант барацьбы. „У дзень 10-га ці 11-га сакавіка, у той час, калі Лангевіч у Гошчы агалашаў сваю дыктатуру,[2] Аддзел выклікаў літоўскіх чырвоных (маецца на ўвазе Віленскі Чырвоны Камітэт. У. І.) і давёў да іх ведама, што іх Камітэт распускаецца і перастае існаваць. Вераемна, што не абайшлося бяз гнеўных протэстаў, без заяў, што яны не прызнаюць такога роду пастаноў Варшаўскага Жонду, што Варшава ня мае ніякага права выносіць пастановы адносна літоўскіх (і беларускіх. У. І.) спраў, што яны, чырвоныя, зусім ня думаюць уступаць і г. д. Асабліва горача і бурна выступаў Каліноўскі, але яму катэгорычна было адказана, каб ён і яго таварышы і ня думалі ісьці проці пастановы Варшавы. У сапраўднасьці Аддзел ня думае прыгаварваць іх на сьмерць, чаго яны бязумоўна заслугоўваюць, але ён выкарыстае лепшы сродак: ён агалосіць у загранічных газэтах іх імёны, як здрайцаў краю, а тады маскалі ўжо самі патрапяць зрабіць з імі тое, што належыць.

  1. Dzieje 1863 roku, przez autora “Historyi dwoch lat”. T. III. Krakow. 1902, стар. 32
  2. М. Лангевіч агаласіў дыктатуру 11-га сакавіка 1863 г.