Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На грунце агульных правіл набор звычайна рабіўся па ўсёй тэрыторыі таго ці іншага раёну як па гарадох, так і па вёсках. Усе грамадзяне данага раёну, якія дасягнулі патрэбных гадоў, праходзілі мэдычны агляд і жэраб'ёўку. У залежнасьці ад таго і другога яны забіраліся ці не забіраліся для адбываньня вайсковай павіннасьці.

Велепольскага такі набор не здавальняў. Яму патрэбен быў спэцыяльны, нязвычайны набор, які-б ударыў выключна па тых соцыяльных групах, якія ішлі за чырвонымі. Яму трэба было ўзяць з Польшчы больш гарадзкога жыхарства, чым вясковага, а з вясковага жыхарства адабраць дробную шляхту і інтэлігенцыю. Для гэтай мэты трэба было загадзя скласьці адпаведныя сьпіскі на аснове спэцыяльных правіл. Расійкі ўрад быў проці такога нязвычайнага набору, лічачы яго небясьпечным, але ўступіў Велепольскаму, які настойваў на гэтым наборы ў адносінах да тэрыторыі царства Польскага. Было ўхвалена ўзяць па набору з усіх польскіх губэрань восем тысяч рэкрутаў: 75 процантаў (6000) з гарадоў і 25 процантаў з вёсак.

У сувязі з гэтым 6 дня кастрычніка 1862 году ў 224 нумары ўрадавай газэты „Dziennik Powszechny", у офіцыйнай частцы газэты, зьявіўся артыкул, які апісваў сутнасьць будучага набору. Зьмест артыкулу быў такі. Ласкавы расійскі монарх прыняў пад увагу, што, дзякуючы выданьню новага закону аб ачыншаваньні сялян, земляўласьнікі і сяляне будуць цяпер заняты ўстанаўленьнем радыкальнай зьмены ў сваіх узаемаадносінах. Дзеля гэтага яны цяпер маюць патрэбу быць звольненымі ад адбываньня вайсковай павіннасьці на агульных асновах. Агульны рэкруцкі набор у Царстве Польскім на нейкі час адкладаецца, замест яго робіцца толькі частковы набор на ніжэйпаданых умовах. Жэраб'ёўка зусім касуецца. На аснове яшчэ старога мікалаеўскага закону, адпаведнымі ўстановамі, якія вызначаны адміністрацыйнай радаю каралеўства, складаюцца пайменныя сьпісы тых, хто павінен будзе ісьці да войска. У сьпісы ня ўносяцца земляўласьнікі, сяляне-земляробы і дворная чэлядзь, якая скарыстоўваецца выключна для земляробскіх прац. Што датычыць іншага вясковага насельніцтва — аднадворцаў, дзяржаўцаў, офіцыялістых і г. д., наогул усіх тых, хто не належыць да вызначаных раней катэгорый, дык яны набору падлягаюць. Усё гарадзкое насельніцтва бяз розьніцы вызнаньня таксама падлягае набору.

Як мы бачым са зьместу офіцыйнага артыкулу, рэкруцкі набор б‘е па дробна-буржуазных, рамесьніцкіх і рабочых колах гораду і вёскі. Гэта — як раз тыя колы, якія былі соцыяльнаю базаю чырвонай паўстанскай організацыі. І белыя, і чырвоныя ў Польшчы вельмі добра зразумелі, хто зьяўляецца ініцыятарам і організатарам такога набору, і якой мэты павінен дасягнуць гэты набор.

Нават белыя лічылі, што рабіць такі набор ня трэба, дзякуючы яго небясьпечнасьці. На гэтую, тэму з Велепольскім гаварылі як прад-