Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўплыў творы Герцэна і Бакуніна. Гэтыя творы, ня гледзячы на забарону іх урадам, даволі лёгка прасякаюць у студэнцкія рэволюцыйна настроеныя колы. У 1860-м годзе Кастусь Каліноўскі зьяўляецца ўжо тыповым сьвядомым рэволюцыянэрам таго часу. Зусім зразумела, што яго рэволюцыйны настрой зьвязаны і з тымі опозыцыйнымі і рэволюцыйнымі павевамі, што былі на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі.

У бытнасьць сваю студэнтам К. Каліноўскі не парывае сувязі з Беларусьсю. Ён прыяжджае даволі акуратна на вакацыі да сваіх бацькоў у Горадзеншчыну і агітуе тут сярод дробнай шляхты і сялянства. У 1862 годзе вясною ён канчае унівэрсытэцкі курс, пакідае Пецярбург і ўжо зусім асядае на Беларусі. Ёсьць весткі, што для таго, каб бліжэй падыйсьці да сялянства, ён нават нейкі час займаў пасаду валаснога пісара. Гэты факт робіцца для нас зусім зразумелым, калі мы адзначым, што і расійскія народнікі пазьнейшага часу таксама часта для рэволюцыйных мэтаў займалі пасады вясковых настаўнікаў, настаўніц, фэльчароў, фэльчарыц, акушэрак, пісароў і г. д. Ясна, што ў тагочасных беларускіх абставінах К. Каліноўскі адразу знаходзіць сабе месца ў руху. Ён уваходзіць у лягер будучых чырвоных паўстанцаў і вельмі хутка робіцца дзейным членам Віленскага Цэнтральнага Камітэту.

Асабліва разьвіваецца дзейнасьць К. Каліноўскага з пачатку восені 1862 году. Як мы сказалі вышэй, ён займае пасаду валаснога пісара ці ў самым мястэчку Сьвіслачы, ці недалёка каля яго. У гэтай мясцовасьці жывуць яго бацькі. Ваколічнае жыхарства ведае яго як па бацькох, так і па яго агітацыйнай ранейшай працы. Каліноўскі, карыстаючыся сваёй пісарскай пасадай, распачынае агітацыю і пропаганду спачатку сярод знаёмых яму дробнай шляхты і сялянства, а потым і сярод незнаёмых. Дзякуючы нейкаму здарэньню, поліцыя з мястэчка Сьвіслачы даведалася аб проціўрадавай чыннасьці ня зусім звычайнага валаснога пісара. За ім быў устаноўлены поліцэйскі нагляд, а праз нейкі час быў даны загад арыштаваць яго. Відаць, нагляд даў адпаведныя матар‘ялы для арышту. Толькі нейкі шчасьлівы выпадак выратаваў Кастуся Каліноўскага з рук поліцыі і жандараў. Ён павінен быў уцячы і перайсьці на нелегальнае палажэньне. Усю восень, пад імем Базыля Сьвіткі, апрануўшыся ў сялянскую вопратку, К. Каліноўскі ходзіць па вёсках добра вядомай яму Горадзеншчыны, наведываючыся час ад часу да Вільні ў справах Камітэту. Гэтую працу ён вядзе аж да пачатку зімы, пасьля чаго ён ужо больш-менш стала асядае ў Вільні.

Поліцыя і жандары ганяліся па яго сьлядох, але злавіць не маглі, бо спачуваючая яму дробная шляхта і сяляне на вёсцы і рамесьнікі ў горадзе хавалі яго. Ён быў сярод іх сваім чалавекам. Вёска таго часу наогул была неспакойная і ўтварала добрыя абставіны для рэволюцыйнай пропаганды. Мы ня будзем спыняцца на гэтым моманце, бо ён дэтальна абмаляваны проф. У. І. Пічэта.[1]

  1. „Полымя", 1929 г., кн. ІХ і ХІ-ХІІ.