Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Камітэт меў поўную свабоду дзеяньня на сваёй тэрыторыі. Праўда, Цэнтральны Народны Камітэт цьвёрда стаў на тым, што ён пакідае свой уплыў і ўладу над організацыямі Беластоцкага павету. [1]

Калі мы зьвернемся да проф. М. Бэрта,[2] дык там узаемаадносіны паміж Цэнтральным Народным Камітэтам і Віленскім Камітэтам апісваюцца так. Пасьля доўгіх перагавораў у Варшаве паміж Авэйдам і Вярыгаю, яны прышлі да ўстанаўленьня пэўных узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Віленскі Камітэт прызнае пяршынства і ўладу Цэнтральнага Камітэту. Вільня і Варшава мяняюцца ўзаемна камісарамі, прычым камісар Цэнтральнага Камітэту ў Вільні мае большыя правы і прывілеі, чым камісар з Літвы і Беларусі ў Варшаве. Віленскі Камітэт на тэрыторыі Літвы і Беларусі мае поўную ўладу, але ён павінен дастасоўваць свае загады да загадаў Цэнтральнага Камітэту. Віленскі Камітэт знаходзіцца пад непасрэдным контролем камісара Варшаўскага жонду і на важнейшых пастановах Віленскага Камітэту павінна быць апрабацыя камісара. Апроч свайго поўнамоцнага камісара, Цэнтральны Камітэт ня мае права пасылаць у Літву і на Беларусь ніякіх іншых агентаў. Тэрмін для паўстаньня Цэнтральны Народны Варшаўскі Камітэт вызначае на аснове паразуменьня з камісарам Віленскага Камітэту. Калі гэтага паразуменьня ня будзе, то Літва і Беларусь маюць права ня браць удзелу ў паўстаньні. Беластоцкі павет паступае пад уладу Віленскага Камітэту адразу пасьля таго, як Віленскі Комітэт ухваліць усе вышэйпаданыя ўмовы.

Калі Вярыга прыехаў у Вільню і прадставіў Камітэту на зацьверджаньне проект дагавору, то ў Віленскім Камітэце падняліся вялікія спрэчкі. Адны члены Камітэту згаджаліся зацьвердзіць проект, другія лічылі, што яго прыняць немагчыма. Асабліва протэставаў проці проекту К. Каліноўскі. У выніку спрэчак было ўхвалена паслаць другога ўпаўнаважанага для перагавораў. У якасьці такога быў вызначаны член Віленскага Камітэту Длускі. Проф. Бэрг далей вызначае, што з Длускім Цэнтральны Народны Камітэт ніяк ня мог згаварыцца, і справа ўзаемаадносін паміж Вільняю і Варшаваю затрымалася.

Калі супаставіць вышэйпаданыя весткі Яноўскага і Бэрга, то трэба прызнаць, што больш блізкімі да сапраўднасьці зьяўляюцца паказаньні Яноўскага, бо Яноўскі быў сам удзельнікам Цэнтральнага Камітэту. Апроч таго, магчыма думаць, што Бэрг апісвае толькі першую частку перагавораў, а Яноўскі дае нам зьвесткі аб другой частцы перагавораў, якія паслужылі асноваю для новага проекту ўзаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Гэты новы проект мог быць прыняты

  1. I.R. Janowskiego, b. Czlonka I sekretarza rzadu narodowego w powstaniu 1863-4 r., Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I. Stycz. – maj 1863 r. Lwow. 1923, ст. 8, 20, 21.
  2. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski o polskich spiskach I powstaniach. Przeklad z rosyjskiego. T. I. Warszawa. 1911 r. Ksiega VI, ст. 87-88