Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тыя і магнатэрыя, а таксама і тое панства, што цалкам стаяла на фэўдальна-юнкерскім грунце. Цікава, што нават і ў гэтых колах царызм часта сустракаўся з легальнай опозыцыяй. Прадстаўнікамі такіх дваранска-фэўдальных інтарэсаў у Польшчы была група Велепольскага, а на Беларусі група Дамейкі. Калі ў Польшчы групе Велепольскага ўдалося адыграць некаторую ролю, то на Беларусі група Дамэйкі ніякага значэньня ня мела.

Белая партыя складалася з буйных земляўласьнікаў, ужо ўцягненых у сыстэму капіталістычнай гаспадаркі і зьвязаных з некаторымі відамі фабрычна-заводзкай прамысловасьці. На чале буйных земляўласьнікаў у Польшчы стаяў А. Замойскі, а на Беларусі В. Старжынскі. Да белых належалі таксама буйныя прамыслоўцы, гандляры, банкіры і г. д., адным словам буйная буржуазія. Яны ўтварылі групу так званых мільлеранаў, на чале якой стаяў банкір Кронэнбэрг. Трэба адзначыць, што паміж буйной буржуазіяй і буйнымі земляўласьнікамі ня было рэзкага клясавага разьмежаваньня, што тлумачыцца капіталізацыяй буйной сельскай гаспадаркі. Вось чаму яны і стварылі адну белую партыю. Белыя вельмі доўга трымаліся згоды з расійскім царызмам, паступова сходзячы на шлях легальнай опозыцыі. Толькі пасьля доўгіх хістаньняў, пасьля няўдачы стаць устойліва на пляцформе легальнай опозыцыі, белыя ўвайшлі, лепш сказаць, прымушаны былі разьвіцьцём падзей увайсьці ў паўстаньне. Але і пасьля гэтага яны ня верылі ў паўстаньне, як такое, а лічылі яго толькі сродкам для чужаземнай інтэрвэнцыі ці дыплёматычнага ўмяшаньня. Белыя былі праціўнікамі аграрнай рэволюцыі і радыкальнага разьвязаньня сялянскага пытаньня. Яны згаджаліся на аграрную рэформу, у агульных рысах падобную да царскае „рэформы" 1861 году. Прымаючы ўдзел у паўстаньні, яны ўсімі мерамі стараліся перашкаджаць чырвоным, праводзіць іх політыка-соцыяльную програму. Гэта і было аднэю з прычын уваходу іх у рады паўстанцаў. Пачаўшы са згоды, белыя згодаю і скончылі. Зьлякаўшыся аграрнай рэволюцыі і паглыбленьня паўстаньня, баючыся страціць сваю маёмасьць і політычныя выгоды, яны з ганьбаю вышлі са строю паўстаньня і кінуліся ў абыймы расійскага царызму, выкупаючы свой часовы ўдзел у паўстаньні здрадаю чырвоных. Гэта яны — прадстаўнікі белых — былі ініцыятарамі вернападданьніцкіх лёкайскіх адрасоў, пакрытых тысячамі подпісаў земляўласьніцкай шляхты, як у Польшчы, так і на Беларусі.

Што датычыць нацыянальнага пытаньня, то белыя Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны былі прыхільнікамі поўнага паглынаньня нацыянальных тэрыторый адзінаю непадзельнаю Польшчаю ў межах 1772 году. У гэтых адносінах яны рабілі моцны ўплыў і на чырвоных Польшчы, у тым ліку і на Л. Мераслаўскага.

Чырвоная партыя ў сваім левым крыле ставіла мэтаю шляхам аграрнай і політычнай рэволюцыі пабудаваць дэмократычную рэспуб-