ПАЎЛІНКА
(з аблягчэньнем, у бок)
Сабраўся такі нарэшце.
АДОЛЬФ
Дабранач паньне Паўлінцы! Проша чакаць, — я прыеду па канчатак.
ПАЎЛІНКА
Забярэце лепей яго цяпер!
АДОЛЬФ
Каго?
ПАЎЛІНКА
Ды канчатак той.
АДОЛЬФ
А панна Паўлінка ўсё жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, у бок). Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая — дыхт для мяне жонка!
ЗЬЯВА IX
ПАЎЛІНКА (адна)
ПАЎЛІНКА
(неспакойна)
А той, можа, хай-бы лепей і ня прышоў! Так усё неяк у сярэдзіне трасецца… і нашто гэта я яму абяцала? Лепей было-б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзіць ад вакна да вакна і паглядае). Падшахнула-ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела). А можа ня прыдзе?.. (Сумна). А калі ня прыдзе, то значыцца, ён ужо мяне ня любіць болей. Не, няхай прыдзе лепей, а там, што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы). Прыдзе, ня прыдзе, прыдзе, ня прыдзе, прыдзе… (Весела). Прыдзе, прыдзе! А цяпер — любіць, ці ня любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты). Любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме… (Весела). Так, так, любіць, к сэрцу прыцісьне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба зьбірацца. Але мушу ўпе-