нясу перад людзьмі і перад богам. Трэ‘ было мне ў сваім часе выехаць з гэтае хаты і не чакаць, пакуль аж прыдуць выкідаць. А цяпер… сам сабе яму выкапаў сваймі рукамі! (Пасьля некаторае паузы). Так, так, сам сабе яму глыбокую выкапаў… Бяз часу прыходзіцца ў яе лезьці. Згіненьне якоесь прыступае і душыць мяне з усіх старон… У вачох цёмна робіцца… думкі туманяцца… Штосьці горла сьціскае, дыхнуць не дае. Гара нейкая навалілася на плечы і цісьне мяне, як каменем усяго прыгнятае, а зьвяр‘ё нейкае абсядае і на косьці мае трухлявыя ласіцца. (Як памешаны). Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом!.. (Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок). Во, Во! З неба пясок сыпецца, а можа гэта зоркі нашы валяцца, што павядуць нас па сьвеце з кіем жабрачым? (Прыглядаючыся трывожна). Не! Не! гэта ня зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягаў на сваіх плячох… О, мой пясочак, залаты пясочак! Я цябе цягаў на вышкі, угару, а ты мяне ўнізе на векі вечныя засыпеш. Сыпся! буйным градам сыпся!.. (Як-бы збудзіўшыся). Але што я гэта гавару? Што я маруджу? Трэба ісьці хутчэй, каб выгадней прыгатавацца ў вялікую вандроўку! (Трэск і відаць праз адчыненае вакно, як валяцца салома і канцы паленьня з страхі. АЛЕНКА і ЮРКА туляцца з страху да ЗОСЬКІ). Вы тут пасядзеце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Трэба мякчэй намасьціць для маці калёсы, бо яны-ж не дагадаюцца. На чужой павозцы ваша маці выедзе сягоньня, як пані з свае хаты! (Абмахнуўшы рукавом сьлёзы; выходзячы). Ня выходзьце з хаты, пакуль я не вярнуся.
ЗЬЯВА X
ТЫЯ-Ж БЕЗ ЛЯВОНА
ДАНІЛКА
Які гэты тата сягоньня нейкі як ня пры сваім розуме.
СЫМОН
Я думаю! Гэта-ж ня жартачкі! — ад усяго адпрэччылі, і рук няма за што зацяць. Кожны з розуму зойдзе.