Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА V

МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА

ЗОСЬКА

(садзячыся каля маткі на ложку)

Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кветачкі?

МАРЫЛЯ

Бачу, бачу, хоць як праз сетку: туман нейкі ў вачох стаіць. Але дзе ты гэта лётаеш? Упыну на цябе нямашака і ніякага.

ЗОСЬКА

Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце: тут неяк так душна, дык я ўзяла і пабегла на сенажаць. Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя рвала; ты-ж іх калісь, як здарова была, так любіла!.. Ах, мамачка, як цяпер хораша на сенажаці! Травіца зелянеецца, кветачкі цьвітуць, ой, як прыгожа цьвітуць! А вольхі над рэчкай так лісточкамі шалясьцяць, так шапацяць, як быццам штосьці дужа цікавае хочуць табе расказаць! Мамка, мамка! Ты, здаецца, заснула? Ці чуеш, што я табе кажу?

МАРЫЛЯ

Чую, міленькая, чую, хоць у вушох шуміць, як у млыне якім.

ЗОСЬКА

Сонейка яснае сьвеціць і грэе, ах, як сонейка грэе і сьвеціць! А птушачкі пяюць аж заліваюцца! Так цёпла, так прыгожа на сьвеце! Мамка, а як табе?

МАРЫЛЯ

Мне, дзеткі, халодна і жудка.

ЗОСЬКА

Не гаварэце так, мамка, а то і мне робіцца халодна і жудка ад тваіх слоў… Ага! Нарвала, значыцца, я табе кветачак, падышла к рэчцы, нагнулася і гляджуся ў вадзіцу, як у люстэрку, якраз я другая там адсьвечваюся. Заглядзелася гэтак, аж нехта хапель мяне ў пояс! Я ў крык, вырывацца, гляджу, — аж гэта паніч з двара. І так стаў абымаць мяне і цала-