Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗГНАНЬНІК

Выгналі з хаты, выгналі людзі,
Выгналі косьці жывыя;
Сівер са сьнегам рынуўся ў грудзі,
Рынуўся зьверам на шыю.

Месяц загінуў, выгасьлі зоры,
Даль залягла беспрасьветам;
Хмары глухія, хмары — як горы,
Ходзяць, сапуць няпрыветам.

Смольлю, заломам сьцежка-дарога,
Ведзьма-мяцеліца стогне,
Жудкія думы шэпча трывога,
Сэрца то змоўкне, то дрогне.

Горбяцца плечы, кволыя плечы,
Як-бы цягнулі каменьне,
Рукі мароз і сячэ, і калеча,
Корчацца ногі ў каленьню.

Годзе змагацца з доляй паганай,
Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
Сьлёзьмі крывавіці вочы.

Сыпся, кружыся, бел-сьнег, навокал,
Мяккай кладзіся пасьцеляй!..
Ляжам, як ляжа ранены сокал,
Знойдзем, нарэшце, прысельле.

Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем з табою…
Шумам пальлеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышыш спакоем…

Дзе-ні-дзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
Воўк — як і ты — сіраціна