Вольным гоманам хвоек высокіх,
Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе, як адзін!
Распусьці залацістыя косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
Ўсходы новыя сей на зямлі.
З непатульнай, пакорнай зямліцай
Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разьлівайся люстранай крыніцай
Між даламі, гарамі, людзьмі…
Рассыпайся па сёлах, па нівах
Брыльлянцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
Ласкай сэрца, душу супакой…
Як, у сьвята купальскае, сонца,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечныя думы,
Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,
І нясуцца хай гэтыя шумы,
Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..
Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх
Да Крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе, як адзін!
|