Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І зышла ты, пясьнярка народаў,
Божы сьветач жывых пакаленьняў,
Ў новы край невядомага быту
Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў,

І пакінула загадку сьвету —
Ўсім няшчасным і зблізка, і з далі:
Ці-то сонца зашло назаўсёды,
Ці ім долю мо‘ іх пахавалі?..

Бо як песьня твая ўсемагутна
Безгранічна зьвінела, будзіла, —
Так няма ні граніцы, ні меры
Ўсёй жальбе над тваёю магілай.

І хаця сэрца сьціхла, заныла,
Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьлепяць, —
Голас думак тваіх яшчэ будзе
Не з адным гаманіці сталецьцем.

Дух твой з сьветласьцяй неба сальлецца
І з праменьнямі сонца сьвятога
Сьлёзы-росы высушываць будзе
І паказываць к праўдзе дарогу.

Памяць насып-магілку ўхарошыць
З жывых кветак рукою сірочай,
Як квяцісты былі твае песьні
Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.

А з мільёнаў грудзей набалелых
Плысьці ўздох з веку ў век не пакіне
Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,
Па вялікай пясьнярцы-княгіні.