Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Дарагі радзіцель Кіпрыян Міронавіч і любезная радзіцелька Марыя Антонава. Шлю вам сардэчнае прывітаньне з нізкім паклонам і жалаю ад госпада бога нашага доўгага здравія і вечнага благапалучыя. Нізка кланяюся свайму дарагому брату Макару Кіпрыянавічу з любезнымі дзяцьмі. Жалаю ад госпада бога здравія і ўсьпеха ў дзялах. Яшчэ нізка кланяюся братавай паважанай“…

„Нізка кланяюся“ цягнецца доўга. Жывым ланцугом гэтыя традыцыйныя словы ахапляюць усю вёску, паасобку кожную хату, кожнага ў хаце — ад старых да малых.

Па твары Цыпрука цёплым аганьком разыходзіцца дабрадушная ўсьмешка. Ён сам пачынае верыць, што так, слова ў слова, піша Мікола. Голас старога ўрачыста-паважны, сямейны, прытульны. Ён смакуе кожнае слова, як мёд:

„Прашу цябе очанна і сардэчна, дарагі радзіцель, прыедзь па мяне ў Менск, бо распускаюць рабфакаўцаў, на зімовыя вакацыі“.

Стары вызначыў гэтае слова паасобку, спыніўся і зірнуў на жонку з такім запытаньнем, нібы пісьменны чалавек у слоўнік.

— Мудронае слова, ці што! Да яго сваім розумам я ўжо не дастукаюся.

Старая зноў пачала вочы выціраць.

Цыпрук на яе задаволена паглядзеў — сьлезы радасьці…

— Мікола прыедзе, — паўтарыла старая некалькі разоў адным тонам, як замову.

„Навін ніякіх ня пішу, — чытае далей Цыпрук. — Прыеду дамоў усё па парадку раскажу, бо навін шмат, у лісьце ўсяго не напішаш. Дзякаваць богу на небе, жыў і здароў, чаго і вам, мае родныя і любезныя, жадаю. Аб вас, радзіцелі старыя і адзіныя на сьвеце, вечна думаю і клапачуся. Вучуся добра, каб потым вам дапамагаць у бядзе ды ў горы, калі вам трэба будзе толькі на печы сядзець і грэцца, бо да ніякай працы ня будзеце здатны. Я паступіў у кусамол, чаго і вам жадаю“.

Тут ён зноў спыніўся. Задумаўся, утаропіў вочы ў печ, пачухаў бараду і патаемна ўсьміхнуўся. Быццам гаварыў старой: „разумей, маці, як табе выгадней“. Усхапіўся, як-бы нешта раптам успомніў, і скончыў скарагаворкай:

„Сваёю рукою подпіс падпісаў ваш дарагі сын Мікалай Кіпрыянаў Ярэмчык, які вам сардэчна і нізка кланяецца і чакае фурманкі, каб нецярпліва пабачыць сваіх радзіцеляў“.

— У куса мо-о-ол… — сказала старая на сьпеўны лад. — Глядзі вунь, куды гне!

— А кепска, ці што?

— Хто яго ведае! Ня нам, старым, аб гэтым знаць.

— А чаму старым ня знаць? — заартачыўся Цыпрук. — У старых мазгоў няма, ці што?