— Як Хвёдар і Зьмітрок выратавалі Гаўрылу Лаўронка ад самасуду. Усё гэта было на карысьць Крушынскага. Так.
— Гэта, праўда — заўважыла Барбара.
— Я не да цябе гавару.
Гавары сабе да сьцяны!
Барбара плюнула і вышла.
„Леў Талстой“ скончыў паўтарэньне на памяць ранейшых разьдзелаў „Летапісу“ і пачаў чытаць з кнігі:
Так.
Трэба прызнацца, Гаўрыла Лаўронак забіў Драчыка на сьмерць. Гэта ж ня жарты — ляпнуць такім колам па галаве. Глянуўшы на яго, тоісь, не на кол, а на Драчыка, альбо на абодвых, — іншай думкі быць не магло.
Так.
Ляжыць Драчык на зямлі пры пажары, раскінуўшы рукі крыжам. Вочы заплюшчаны. Твар да жудасьці белы (як бяроста). Галава акрываўленая. Гэта-ж ня жарты — так гладзіць чалавека па галаве. Так.
А гайдачане?
Трэба прызнацца, гайдачане заняты ўсім, толькі ня Драчыкам. Канчаюць тушыць пажар. Трымаюць за рукі падпальшчыка і забойцу Гаўрылу Лаўронка, каб не ўцякаў. А некаторыя пабеглі на хутары затрымаць падбухторшчыкаў да падпалу і забойства, тоісь, кулакоў Антона Сініцу, Янку Фалькевіча і Сымона Гарбочыка. Так.
Хвёдар і Зьмітрок заўважылі заўвагу, што рукамі вышэйадзначаных кулакоў была падпалена хата малочнага таварыства і быў забіты Антось Драчык.
Так.
Пры нябожчыку, тоісь, пры Драчыку (будзем зваць яго нябожчыкам) лемантавала яго сям‘я: жонка і дзеці.
Так.
Галавешкі дагарэлі на пажары, і стала цёмна.
Так.
Тым часам трэба прызнацца, я зацікавіўся аднэй псыхолёгічнай цікавасьцю: як гэта гайдачанская ноч накіруе маё сачыненьне, тоісь мой твор? Ці мне прыдзецца пісаць, што хутаране, тоісь вышэйзаўважаныя кулакі, уцяклі, ці мне прыдзецца пісаць, што яны злоўлены і аддадзены ў пролетарскі суд?
Так.
А што мне прыдзецца пісаць пра Гаўрылу Лаўронка, забойцу Драчыка? А як Драчык выкарабкаецца з сваёй шчырасьці? Ды ўжо ня выкарабкаецца, бо памёр чалавек на векі вечныя, і шчырасьць плакаць па ім будзе. Ён за сваю шчырасьць на той сьвет без пары пашоў. Пойдзеш да начальства без пары — ня прымае, а той сьвет — калі ласачка!