Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Шмідт, — паправіў яго Мікола.

— Вось-вось, дык аб гэтым Шміце многа гаварылі ў нас.

Солах пачаў блытацца ў сваіх успамінах, і Мікола зноў перавеў гутарку на хату-чытальню.

Уздумалі пакуль што наладзіць куток для чытаньня ў прасторнейшай чымся ў іншых вяскоўцаў хаце Солахаў. Гаспадар абяцаўся для гэтай мэты пазычыць старую шафу, якая стаяла ў сенцах без патрэбы.

— Няхай кнігі і газэты ляжаць у шафе, — параіў ён.

Таксама ён дазволіў у сваёй хаце па вечарох вучыць жадаючых чытаць і пісаць.

— Мне ня шкода. Яшчэ весялей будзе. Толькі няхай газы купяць…

Мікола радаваўся, што хоць нешта будзе зроблена ў гэтай глушы. Ён зьвярнуўся быў па сродкі ў сельсавет, але яму там сказалі, што сельсавет бедны, аб спэцыяльным памяшканьні і думаць няма чаго.

— Яшчэ рана аб гэтым! — кончыў старшыня сельсавету, дробненькі, сухенькі чалавечак, з закручанымі чорнымі вусікамі, з маленькімі шэрымі вочкамі. Ён замахаў на Міколу рукамі. Ня ведаў, як бараніцца ад „надакучлівага“ чалавека.

— Дык я ў раён паеду, буду скардзіцца на вас, — сказаў Мікола.

— Пажаласта, пажаласта!

— Чалавек сказаў гэта такім спрыяючым тонам, нібы Міколу на гарбату запрашаў.


Яшчэ ўдодні, калі мароз страляў па сьценах, стары Цыпрук запрог каня. Саўка і Мікола селі на санкі, і стары павёз іх у раён — у мястэчка Шапалевічы.

Гурбамі былі занесены гумны, гароды і вясковая вуліца. Сівер шчыпаў за вушы.

— Навошта яшчэ і табе, тата, ехаць? Сам з канём спраўлюся, — прасіў Мікола.

— Што ты, ачмурэў, ці што? Як гэта можна? Ты-ж каня на сьмерць загоніш…

Стары Цыпрук быў у такім настроі, што пярэчыць яму нельга было.

Мікола добра ведаў у чым справа, стары проста хацеў паглядзець і паслухаць, новых для яго людзей, пабыць у іншых мясьцінах.

Рад быў стары, як хлапчук вызвалены са школы. Для яго дарога — духоўная страва, найвялікшая прыемнасьць…

З радасьці і каня не шкадаваў.

Не агледзеліся яны, як апынуліся недалёка ад Драздоў і Дзятлаў.

Разьвіднелася.