Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З „Гарадка“ далёка відаць навокал. Мікола, як быў малы, сюды з равесьнікамі-хлапчукамі каня на начлег вадзіў, або ўдзень кароў тут пасьвіў.

Вялікі абшар разгортваецца з „Гарадка“ навокал.

На балоце відаць „Швэцкі мост“: з зямлі тырчаць старыя зьгніўшыя палі. Яны цягнуцца на цэлую вярсту ўдаўжыню. Як кажуць дзяды, швэды шаблямі тут сяклі лес і пракладвалі для свайго войску мост па топкім балоце.

Вунь на сухім пагорку, падобным да вялізнага яйца, некалькі капцоў. Тутэйшыя людзі іх завуць „францускімі магіламі“. У 1812 годзе тут праходзіла наполеонаўскае войска. Галодная армія забірала апошняе ў сялян.

На „Гарадку“ растуць старыя таўшчэныя дубы. Пад адным з гэтых дубоў… Вось што бацька Міколы, стары Цыпрук, апавядае:

— Гэтае здарэньне было з маім дзедам. Прануком зваўся. Стагодні Солах ня дасьць зманіць. Фурманом у пана Лісоўскага быў мой дзед. Унук таго Лісоўскага, пан Адась, стары д‘ябал, уцёк у Варшаву разам з усімі панамі. Думаю, што нашыя яго добра памятаюць, ці што. Дык вось тады, пры дзеду пана Адася была паншчына. Пан Лісоўскі на гаспадарку не глядзеў. На гэта былі ў яго цівуны, аканомы, лютыя прыганятыя, ці што. Усе з бізунамі ў руках. Вось які цяперашнія польскія ды іншыя паны. Натура тая самая засталася, ці што. Вельмі карты любіў пан Лісоўскі. І вось аднаго разу ён прайграў аднаму з суседніх паноў сівога стаеньніка ў яблыках. Калі ня верыце, у стагодняга Солаха запытайцеся. Ня дасьць зманіць. А любіў пан Лісоўскі гэтага жарабца, любіў да шаленства. „Дай, пан, жарабца, якога ў карты выйграў“. Шкадуе пан Лісоўскі. „Што хочаш дам, толькі жарабца мне пакінь“. „А што дасі? — пытаецца той. „Трох іншых стаеньнікаў дам“. „Не, — кажа той, — калі дасі мне пяць самых харашэйшых дзяўчат з тваіх прыгоньніц, тады не вазьму сівога жарабца“. „Добра, — кажа пан Лісоўскі, — выбірай“. А ў майго дзеда была дачка красуня. Кроў ды з малаком. Цяпер гэткіх ня знойдзеш. Любіў дзед дачку сваю можа больш, чымся пан Лісоўскі сівога жарабца, ці што. Пайшоў той пан выбіраць сабе пяць дзяўчат. І што вы скажаце? Забраў і дзедаву дачку. Яна на сабе валасы рве, дзед пану бух у ногі. А ведаеце, што ў паноў літасьці да нашага брата гэтулькі, як на бярозе яблыкаў. Забралі дзедаву дачку. Злы быў пан Лісоўскі, а дзед гнеўны быў. Сьціснуў зубы і маўчаў, і адплаціў, моўчкі адплаціў пану Лісоўскаму. Атруціў гэтага самага сівога жарабца. Пан Лісоўскі адразу здагадаўся, чыя работа, бо за гэтым жарабцом глядзеў толькі дзед Пранук. Доўга пан Лісоўскі думаў, як дзеда пакараць, каб было як найстрашней. Нарэшце прыдумаў і загадаў:

„Павесіць Пранука на адным з дубоў, што на „Гарадку“ растуць. Ды ня проста павесіць, а галавою ўніз інагамі ўверх, каб больш мучыўся хамула!“