Стары Марцін жмурыў на сына вочы, пазіраў на яго дзьвюма сваімі вузенькімі ільдзінкамі і ўсё стараўся перадаць Міколе свае гаспадарчыя настроі.
У той час маладая Рабулька ацялілася. Цыпрук быў захоплены гэтай вялікай падзеяй. Цялушачку прынесьлі ў хату, ёю бавіліся ўнукі. Цыпрук глядзеў і радаваўся і шукаў такой-жа радасьці на твары Міколы…
Не знаходзіў. Стары крыўдзіўся.
З кожным днём стары ўсё больш ярка бачыў і разумеў, што сын „павярнуў аглоблі зусім ня туды, куды трэба“.
З кожным днём стары ўсё больш упэўніваўся, што аб хатніх справах з сынам няма чаго гаварыць, бо „той пачаў тыкаць пальцамі ў неба, ці што?“
Пробаваў гаварыць з сынам аб тым, што каня трэба прадаць ды маладзейшага купіць, што сенакосу, малавата, што таго-сяго не хапае, стары пералічыў вельмі шмат рэчаў, якіх няма ў гаспадарцы.
— Яшчэ шмат чаго не хапае, — адклікнуўся Мікола ў тон бацькі.
— Вось-вось, сынку, я-ж на тое і кажу і гавару з табою, ці што? — усхапіўся быў Цыпрук, і ў яго вачох зацьвілі радасныя бліскі.
— Калі возьмем, напрыклад, маёнтачак старых часоў, — працягваў далей гутарку Мікола, — дык калі будзем па ім раўняцца, табе не хапае кароў, коняй, сьвіней, зямлі, будынкаў, сельскагаспадарчых прылад ды яшчэ шмат чаго.
— Навошта мне маёнтак? — сур‘ёзна адпіраўся Цыпрук. — Мне, каб на старасьці год мець спакойны кавалак хлеба, бо ведаеш, я ўжо ня дуж.
— Я разумею цябе, тата. Хочаш быць маленькім кулачком. Кінь думаць аб гэтым. А што тычыцца тваёй старасьці, дык не бядуй. Вось я паступлю на службу і буду табе памагаць. Потым колгас будзе ў нас. Ня вечна-ж так будзе. Там непрацаздольныя забясьпечваюцца. Няма табе чаго бедаваць!
Цыпрук пасмутнеў. Злаваўся на старога матроса Солаха, бо той маляваў яму нейкі рай на зямлі ў сувязі з „кусамольствам“ сына.
А ў той час Мікола быў першым комсамольцам у гэтай вёсачцы, і суседзі на яго паглядалі з цікавасьцю.
Дні стаялі марозныя, гучныя і белыя. Паветра было празрыстае і ружовае ад зімовага сонца.
Выпарыўся Мікола ў старой Солахавай лазьні і паехаў у лес па дровы. Маці не спадабалася, што „гасьцёк“ працуе. Бацька глядзеў на гэта лагодным вокам.
— Няхай! Косьці маладыя, ці што!
Едучы ў лес па дровы, Міколе прыходзілася аб‘яжджаць „Гарадок“, круглую высокую мясьціну з ровам навакол — памятку княжацкіх часоў.