Раптам Крушынскі ўсім целам падаўся наперад.
Ён угледзеў „таго“…
У „таго“ гарэлі агнём сьветла-шэрыя вочы. Рыжавусы Сакалоўскі бег наперад са стрэльбай у руках па вуліцы Адама Міцкевча.
Страляніна адсунулася далей. Здалёку здавалася, што гэта нехта малатком б‘е гарэхі:
— Та-та-та-тра! Та-та-та-тра!
Супроць сквэрыка хлапчукі падбіраюць патроны, часткі кулямётаў. Сьмяюцца. Жартуюць. Сустракаюць чырвонаармейцаў крыкамі „ура“.
З двароў дамоў зноў пачалі высоўвацца абываталі.
Лагодна сьвеціць сонца.
Крушынскі падбег да белага, знаёмага мура: цягнула паглядзець…
Над высокім ганкам белага мура, былога юбілейнага дома, красавалася бляшаная вывеска: „Беларускі нацыянальны комітэт“.
Хлапчукі, па загаду нейкага незнаёмага чалавека, ускарабкаліся на брыль ганку і сарвалі адтуль вывеску.
Бляха ірванулася з месца і з ляскатам і глухім грукатаньнем ляснулася і дзвынкнула аб цьвёрды каменны ганак. Нібы хтосьці камусьці даў поўху.
Хлапчукі рагаталі.
— Агідная вывеска, — сказаў незнаёмы чалавек. — Праўда, таварыш? — зьвярнуўся ён да Крушынскага.
— Праўда, — прамармытаў Крушынскі, і ў душы яго нешта абарвалася.
Як ранены драпежнік, ён курчыўся ад болю і рабіў у той-жа час вясёлую міну.
Адгэтуль ён пасьпяшыўся дамоў, каб хутчэй зьняць са сьцен дому портрэт Пілсуцкага, абраз „маткі боськей чэнстоховськей“ і паперку з надпісам „тут жывуць палякі“.
Пані Мар‘я была куды рупнейшая за яго на гэты раз. Усе рэліквіі ўжо было зьняты, і над бальконам іхняй кватэры палыхаў ярка-чырвоны кавалак матэрыі…
Крушынскі ўсьміхнуўся, задзёр галаву да балкона і сказаў самому сабе:
— Правільна…
Так, пасьля таго, як госьці разышліся, Цярэшка сядзеў у габінэце, глядзеў на дымок сваёй папяросы і ўспамінаў „тады“.
Габінэт Цярэшкі добра абсталяваны: мяккая канапа, пэрсыцкі вялізны дыван на падлозе, круглы стол па сярэдзіне, пульхныя крэслы, ля сьцен шафы з кнігамі, насупроць вакна вялікі пісьмовы стол. На пісьмовым стале бронза і мармур, статуэткі, цацкі. Для пісаньня толькі кавалак вольнага месца.
Яшчэ нябожчык бацька абсталяваў гэты габінэт — падарунак на вясельле, калі Цярэшка ўзяў сабе за жонку дачку банкаўскага чыноўніка.