Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кахарка задаволена ўсьміхнуўся. Падаўжэлі, расьцягнуліся яго стрыжаныя вусы, паказаліся беражкі вільготных пажоўклых зубоў. Ціха хіхікаў і чалавек са стрэльбай.

І Кахарка і чалавек са стрэльбай былі вельмі задаволены эфэктам: перавернуты футаляр ад пішучай машынкі вабіў да сябе таемнай сілай і палохаў дзікай нечаканасьцю.

— Адкуль гэта ўсё? — запытаўся Крушынскі, і вочы яго ўтаропіліся ў шахаразадлаўскі футаляр.

— З Беларусі прыляцелі гусі, — кволым голасам сказаў Кахарка.

— Колькі тут?

— Гэта сакрэт ураду.

У футаляры ад пішучай машынкі ляжала куча залатых дзесяткаў…

З цяжкім настроем вышаў Крушынскі з „Беларускага сакратарыяту“.

— Гэта падобна да нейкага дурнога анэкдоту, — сказаў ён. — Няма ў нас дзяржаўных людзей. Вось дзе бяда.

Праз пару дзён прышлі немцы.

Адразу выкінулі „міністраў“ з губарнатарскага дому.

Злыя языкі гаварылі, што рабілася гэта ня вельмі далікатна…

Казачны футаляр ад пішучай машынкі прапаў.


Зьявіліся сапраўдныя „дзяржаўныя“ людзі. На чале іх — Раман фон-Скірмунт.

Тэлеграма кайзэру…

Орыентацыя на немцаў.

Сябры рады „Беларускай народнай рэспублікі“ здаволены:

— Раман Скірмунт — дзяржаўная галава.

— Раман Скірмунт — скарб для беларускага народу.

— Раман Скірмунт — член гасударсьцьвенага савету яшчэ пры цары.

Раман Скірмунт мае маёнткі і фабрыкі ў Беларусі.

— Раман Скірмунт — шчыры беларус.

— Раман Скірмунт напісаў граматыку беларускай мовы пінскага дыялекту.

— Раман Скірмунт выведзе беларускі народ з бальшавіцкага Эгіпту.

Алесь Крушынскі (цяперашні Цярэшка) яшчэ ў мінулым годзе пазнаёміўся з Раманам Скірмунтам. У катадральным саборы тады служылі паніхіду па Максіму Багдановічу. Чорнабароды поп чытаў са сшытка казаньне, напісанае для яго спэцыяльна па-беларуску. Некалькі дзесяткаў беларусаў з нашыўкамі чорнага крэпа на рукавох былі ў захапленьні ад беларускай мовы папа.

Алесь Крушынскі зьвярнуў увагу на адну лысіну, на рымскі профіль твару, на глыбокія чарнявыя вочы, на энэргічны падбародак, на зграбнасьць рухаў, на элегантны гарнітур.