Сьветла-бірузовыя вочы „міністра“ асьветы — цёткі Гаруновай — утаропіліся ў беларускую газэту „Гоман“.
— Гэта вы, дзядзька Крушынскі?
— Я… Што вы цікавае чытаеце?
— Вывучаю ў „Гомане“ нямецкую орыентацыю ў артыкуле нашага Бісмарка — Антона. Дзякую, што зайшлі. Садзецеся, калі ласка, цётка Крушынская і дзядзька Крушынскі.
Профіль Гаруновай нагадвае Крушынскаму строгі профіль. Дантэ.
— Пачну адразу са справы, — кажа „міністар“. — Ці ня возьмеце на сябе абавязак напісаць кніжку для беларускіх школ?
— Падумаю…
— Думаць няма чаго. Садзецеся і пішэце. Каб мы доўга думалі, дык ня мелі-б свайго беларускага ўраду.
І сьвяціліся гонарам бірузовыя вочы цёткі Гаруновай.
Адтуль Крушынскія зайшлі да „міністра харчаваньня“. Яго стол быў абкружаны з усіх бакоў крэпасьцю мяшкоў і скрынь. Толькі маленькі праход вёў да стала. І гэты „міністар“ знаёмы: дробненькі, сухенькі, чарнявенькі Бозыч. Яго мышыныя вочкі рупліва намацвалі мяшкі і скрынкі.
І хто мог падумаць, што і ён выйдзе ў вялікія людзі! — ледзь не сказаў Крушынскі замест прывітаньня.
— Маё вам пашценьне! — зазьвінеў кавалкамі шкла галасок „міністра харчаваньня“.
— А што гэта ў мяшкох і скрынях?
— Харчы!
— Як гэта „харчы“?
— Ну, шамоўка: цукер, консэрвы ды іншыя смачныя рэчы.
— Дык няўжо-ж у міністэрстве ўсё гэта трымаць?
— А то дзе-ж? На тое-ж міністэрства харчаваньня!
— Вельмі прымітыўна вы разумееце ваш міністэрскі портфэль…
І Крушынскі пачаў выкладаць яму сваю дзяржаўную тэорыю ў справе гэтага міністэрства.
— Годзе! Годзе! Ведаю! А каб вы мяне не крытыкавалі…
„Міністар харчаваньня“ з крэхтам нагнуўся і дастаў з-пад стала круглую банку консэрваў.
…а каб вы не крытыкавалі, вось вам!
Банку консэрваў ён перадаў жонцы Крушынскага.
Яна дзякавала.
— Вось гэта, дык сапраўды міністар харчаваньня! Я да вас буду часта прыходзіць! — жартаваў Крушынскі.
Адтуль яны трапілі ў габінэт „міністра фінансаў“.
— Дык і вы, пане Кахарка, міністэрскі портфэль захапілі?
— Я…
Голас „міністра“ быў ціхі і сарамлівы.