Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэты рыжы абяздоліў мяне. Забраў увесь шрыфт з маёй друкарні (я маю друкарню) для нейкай паходнай чырвонаармейскай газэты.

— Хадзем у „Беларускую хатку“, там навіны пачуем, — сказаў Крушынскі да жонкі.

У „Беларускай хатцы“ яны трапілі на цэлы склад масла, цукру, мукі, рысу. Пры гэтым стаяла ўзброеная варта з двух чалавек.

— Дзе дасталі? — запытаўся Крушынскі ў варты: знаёмых студэнтаў з настаўніцкага інстытуту.

— Рэквізнулі бальшавіцкі коопэратыў, — пазаліхвацку тлумачыў адзін з варты, хлапец гадоў семнаццаці.

Другі „вайсковец“ такога-ж узросту дадаў:

— Усім гэтым кіравалі Шчыла і Гамонька. Лепшыя рэчы ў Беларускі сакратарыят завезьлі. На пошце золата захапілі. Падзялілі з легіянэрамі. Вось была ночка!

Крушынскі ціскаў плячыма і ківаў галавою ад дзіва.

— „Вайсковец“ тым часам выпусьціў стрэльбу з рук.

— Эх, ты, жаўнер беларускі!

— Ня спаў усю ноч. Добра, што яна ня стрэльнула.

Хлапец пачаў рукавом выціраць стрэльбу. Жонка Крушынскага з апаскаю паглядала на „стральца“, адсунулася.

— А дзе вы, малакасосы, стрэльбы дасталі?

— Гэта ўсё Шчыла і Гамонька.

Хлопец зьзяў з радасьці, і ад захапленьня нават не заўважыў крыўднага слова „малакасосы“.

— Вось беларускія героі! — пахваліла пані Мар‘я.

Яна добра ведала кучаравага, круглатварага Шчылу з маленькімі п‘янымі вочкамі і чорнавокага з шырокім ротам і тоўстым носам Гамоньку.

— Дык дзеж яны цяпер, Шчыла і Гамонька? — зацікавіўся Крушынскі.

— У сакратарыяце.

— У якім гэта?!

Ад неспадзеўкі ў Крушынскага, нібы ў рыбы, акругліліся вочы.

— У беларускім сакратарыяце, у губарнатарскім доме.

— Хадзем туды! — крыкнула пані Мар‘я.

— Пасьпеем, сакратарыят не ўцячэ, сьцішыў Крушынскі яе імпэт і зьвярнуўся да загадчыка „Беларускай хаткі“, чорнабародага Самчыцкага:

— Для каго такое інтэнданцтва?

— Не рабеце шуму. Падзелім між сваімі. І вам дастанецца, — шапнуў яму на вуха Самчыцкі.

Крушынскія пайшлі ў „Беларускі сакратарыят“. На Катадральнай плошчы, на бальконе губарнатарскага дома стаяў кулямёт, накіраваны лычом на плошчу.

Крушынскія заходзілі ў габінэты „міністраў“.