— Каб ня быць падобнымі да бальшавікоў, — тлумачыць жонцы Алесь Крушынскі.
— Не адны мы такія, сьмяецца пані Мар‘я.
Па вуліцы праходзяць патрулі з атрадаў Даўбар-Мусьніцкага. Дзе-ні-дзе некаторыя ў штацкім са стрэльбамі ў руках, з бел-чырвона-белымі нашыўкамі на рукавах. Сярод іх знаёмыя Алеся Крушынскага — беларускія самаабаронцы.
Раптам у ўрачыстасьць вуліцы ўрываюцца крыкі:
— Баль-ша-ві-і-ік!
Чалавек у акулярах, сутулы, з невялічкай бародкай крычыць на ўвесь голас і махае рукамі:
— Та-ва-арыш! Трымайце яго!
— Дзе ён? Дзе ён? — хвалюецца пані Мар‘я. Ёй цікава цяпер паглядзець на бальшавіка, як на зьвера ў клетцы.
— Вось ён! Вось ён!
На ім шэрае паліто, зашпіленае на ўсе гузікі. Ідзе наперад, нібы не на яго крычаць. У яго рыжыя вусы, твар у рабаценьні і сьветла-шэрыя вочы.
Мужчыны размахваюць рукамі, цюкаюць і люкаюць:
— Баль-ша-вік!
І баяцца затрымаць яго.
Вакол яго спыняюцца выфранчаныя жанчыны. У іх вачох нянавісьць. З губ вырываецца візгат:
— Баль-ша-ві-і-ік!
Сутулы чалавек у акулярах ня можа супакоіцца, крычыц надрыўным голасам:
— Бальшавік! Рыжы! Ры-ы-жы! Трымайце яго! Трымайце!
Пара чалавек з натоўпу адважваецца, падбягае і ловіць яго за паліто. Ён бляднее. Прабуе вызваліцца. Ад шэрага паліта адскокваюць усе гузікі разам з кавалачкамі сукна. З галавы ўпала шапка. Сутулы чалавек падняў шапку і насунуў яму на галаву з такімі словамі:
— На, рыжы, па старай знаямосьці!
Вакол „рыжага“ расьце разьюшаны натоўп з вышчаранымі зубамі, з вытарашчанымі вачыма. А ён ўсіх пранізвае пацямнеўшымі вачыма.
— „Какие у него нахальные глаза!“ — кажа адна ў коцікавым паліце.
Падышоў патруль.
Чалавека павялі.
Сутулы ў акулярах ішоў побач з ім і задаволена крычаў:
— Ага-а! Папаўся, рыжы! Папаўся! Аг-га!
Крушынскі (цяперашні Цярэшка) ведае гэтага чалавека: наборшчык. Яго прозьвішча Сакалоўскі.
Натоўп доўга ішоў за арыштаваным і на розныя галасы, нібы шматгаловая жывёліна, рыкаў, выў, візгатаў:
— Бальшавік!
Сутулы чалавек тут-жа апавядаў: