— Нічога нікому, — паўтараў за ёю Язэп Крушынскі, нібы водгалас.
— А Лявончыка ведаеце? Спрытненькі, чорненькі, у маршчывках. Роман Скірмунт частаваў яго дарагімі цыгарамі, скардзіўся калісьці яму, што ў яго, Скірмунта, маёнтках у Піншчыне ўчынілі пагромы. „Трэба стрымліваць дзікія інстынкты цёмнага разьюшанага натоўпу“, — гаварыў Скірмунт — „тады і я дам грошы на беларускую справу“. Лявончык стараўся. А вось Барзоўскі, ён вечна пра Адэсу гаворыць, малады, з лысінай і чорнай бародкай. Прыгожы такі мужчына. Ведаеце яго?
— Ведаю.
— Ну, вось! Гэты самы ў Адэсе ледзь арміі беларускай не з‘організаваў. Інакш можа было-б тут цяпер у нас, каб удалося з арміяй. Толькі вы, сваячок, глядзеце…
— Гляджу.
Пані Мар‘я з надзвычайнай асалодай успамінала ўсіх „выдатных“ гасьцей: „маршалкаў“, „радаўцаў“ „нацыянальных камітэтаў“, „сакратарыятаў“, генэрал-маёраў і лейтанантаў з „беларускай вайсковай камісіі“ пры белапольскай окупацыі ды іншых „дзяржаўных мужоў“, якія прапанавалі розным белагвардзейскім урадам і розным дзяржавам тавараабмен з Беларусьсю, каб тыя толькі дапамаглі „выратаваць краіну ад бальшавіцкай анархіі“…
Па тоне і голасе пані Мар‘і Язэп Крушынскі разумеў, што гэтыя людзі з „былой славай“ спадзяюцца аднавіць гэтую славу ў недалёкай будучыне, і ён таксама жадаў мець сувязь з такімі людзьмі.
— Мала што яшчэ можа быць, — думаў ён. — Тады і я далучуся.
Часам ён пры такіх апавяданьнях пані Мар‘і раптам задаваў ёй запытаньне:
— А ці ня робяць яны нешта цяпер ціханька ды асьцярожненька?
Пані Мар‘я тады ўсхоплівалася з месца, рабіла строгія і спалоханыя вочы і гаварыла:
— Што вы, сваячок, кажаце? Гэтага быць ня можа! Не гаварэце мне аб гэтым… і ня думайце так. А, божанька мой… З вамі небясьпечна гаварыць… А божанька…
— Я пажартаваў…
Пані Мар‘я сьмяялася нэрвовым сьмехам, а Крушынскі моўчкі і пранікліва на яе паглядаў.
Ведаў Крушынскі і адносіны гасьцей стрыечнага брата да яго, Язэпа Крушынскага:
— Такія, як вы, Язэп Сымонавіч, уся наша апора! — гаварылі яму часта госьці Цярэшкі, частуючыся яго продуктамі.
— Гэткія, як дзядзька Крушынскі, уся сіла беларускай дзяржавы, сказаў яму аднаго разу адзін рыжавусы „маршалак“ і пацалаваўся з ім.
У словах „беларуская дзяржава“ ён улавіў тое неўлавімае, як цень, што яго вельмі цікавіла: двухсэнсовасьць, прыемную і пажаданую для яго.