Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па яе вачох, па яе пульхлых губах і нэрвовай напружанасьці голасу і рухаў Язэп Крушынскі разумеў, што яна мусіць цяпер выказацца, павінна апрыскаць каго-колечы фонтанам слоў — нібы прыемным душам, і паганарыцца сваім шырокім і пікантным знаёмствам. Крушынскі ня раз чуў ад яе адно і тое самае, але, пані Мар‘я забываецца, што ўжо гаварыла яму аб гэтым раней. Ён кожны раз павінен нанава дзівіцца, яшчэ раз захапляцца, зноў змагацца са сваім сном і слухаць-слухаць…

— Вось той, хто сядзеў з краю стала, каля вакна, Саколічам завецца, голены, з маленькімі вусікамі, які пры кожным слове дадае нейкі гук, падобны да „хі-і-і“, нібы ў яго заўсёды костка ў горле, вось той самы быў раней міністрам Беларускай народнай рэспублікі. Пры немцах ён быў адным з тых, хто падпісаў тэлеграму Вільгельму і дзякаваў за вызваленьне ад бальшавіцкай анархіі. Ён часта хадзіў да княгіні Радзівіл, прыкладваўся губамі да сухой ручкі старой княгіні — худой, сінявокай, юрлівай. Толькі вы, сваячок, нікому аб гэтым.

— Нікому.

— Сьмешная была княгіня. Сядзе, паложыць нагу на нагу па-мужчынскаму і смаліць папяросу за папяросай. Канчае курыць адну і бярэцца за другую, прыкурыць ад свайго акурка, плюне на акурак, прыклеіць яго да падэшвы сваёй туфлі і стукне нагой аб падлогу. Усьміхнецца тонкімі сіняватымі губамі, адным вокам зробіць набожную міну, другім вокам гульліва міргне да Саколіча і зьвернецца да яго на сваёй уласнай мове, зьмешанай са слоў ангельскіх, францускіх, нямецкіх, расійскіх, польскіх і беларускіх. Толькі вы, сваячок, трымайце язык за зубамі!

— А як-жа, за зубамі трымаю.

— Скажа княгіня на сваім вар‘яцкім жаргоне: „Гельт вам патрэбна для белорусского дела? Мэрсі, дзякую. Дас іст бардзо шляхэтна“. Дадасьць некалькі ангельскіх слоў і так скончыць: „Толькі ведайце, на религиозное дело іх гібе і вэнцэй ніц“. Падзякуе Саколіч, нагаворыць яе сьветласьці комплімэнтаў, пакуль ёй прыкра стане. Тады яна ўзьнімецца з месца ў сваёй жалобнай чорнай вопратцы (насіла жалобу па мужу, які загінуў у пачатку імпэрыялістычнай вайны), скажа „ад‘ю“ і шусь у другі пакой. Ужо адтуль крыкне Саколічу, што грошы ён дастане ў кіраўніка справамі. Кіраўніком справамі быў яе лёкай — сваім шляхэтным выглядам падобны да маркіза, а не да лёкая. Божанька ты мой! Я сама была ня супроць таго, каб паамурнічаць з ім. Такі ён быў паважны і выкштальцаваны, што міністры нашыя палохаліся яго. Толькі вы аб гэтым, сваячок, нікому ані!

— Ані! — мэханічна паўтараў за ёю Язэп Крушынскі.

— Гэты самы Саколіч часта піў касьцельнае віно з духоўнікам княгіні — вальлястым, кароценькім, пузаценькім вялебным ойчыкам, упрашалі яго, каб уплываў на княгіню ў грашовых справах для беларусоў. Толькі вы аб гэтым нічога нікому.