Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кія ноздры дрыжэлі. Выемкі і пукатасьці твару паказвалі формы чэрапа. На шыі выпукляліся, нібы набухшыя п‘яўкі, сіняватыя жылкі.

Пані Мар‘я з цікавасьцю да яе прыглядалася. Здавалася ёй, што сьляпая бачыць ўсё ў пакоі, усе драбніцы: нават шэрыя цені пад сталом, успухласьць адклееных шпалераў у кутку сьцяны.

Няпрыемна стала гаспадыні. Яна адвярнула вочы ад сьляпой і давай зьнімаць з пальцаў прылепленую шалупіну.

Тонкія ноздры ў сьляпой яшчэ больш захадзілі. Яна зашамкала ротам, і па куткох выцьвілых губ выдуліся знутры маленькія бурбалкі сьліны.

— О о-ай… — застагнала сьляпая.

— Баліць што, цёця Вярбіцкая? — усхапілася з месца гаспадыня.

— Ой, як смачна пахне… — Цёця Вярбіцкая цмокнула губамі.

— Бойцеся бога, цёця Вярбіцкая, гэтулькі клапот! Сёньня вечарам у нас будуць госьці.

— А-а-а, вось яно што! А я думаю: чаму так смачна пахне?

Праз няшчыльна зачыненыя дзьверы праціскваюцца з кухні ў сталовы пакой тонкія струменьчыкі рознастайных пахаў. Сьляпая іх цяпер адчувае ўсёй істотай. Пірог, начынены мясам, гусь, начыненая яблыкамі, цялячая лапатка ў духоўцы на блясе, перац, лаўровы ліст, цыбуля, сквіргатаньне рознастайных тлушчаў, трэск гарачых вугольляў, тупат работніцы, шорканьне бурачкоў на тарцы — ўсё гэта даходзіць да носу і вушэй сьляпой і хвалюе, вабіць, непакоіць.

— А-я-яй! — усхапілася сьляпая з крэсла. — Ой-ё-ёй!

Крык сполаху вырваўся ўсхліпам з яе горла, устрывожыў гаспадыню.

— Што, цёця Вярбіцкая?

— Гарыць! Пірог прыгарэў… Пах такі прыгорклы, цукер паліцца…

— Ну?!

Гаспадыня ірванулася ў кухню, як на пажар.

Праз некалькі хвілін вярнулася з талеркай у руках.

— Сапраўды пірог трохі прыгарэў, — і паставіла талерку перад сьляпой. — Пакаштуйце, цёця Вярбіцкая! Выбачайце, часу ня маю, і зноў пайшла ў кухню навадзіць лад.

Сьляпая ўзялася худымі пальцамі, нібы спрунжынамі, калупаць кавалкі цяляціны са смажанай бульбай. У гэтым калупаньні адчуваўся нязвычайны апэтыт і смакаваньне. Пальцы дрыжэлі, згіналіся прагна і смагла, як зьмейкі.

Ільдзяныя ўзоры на вэнэцыянскім вакне таялі ад сонца, кроплі лізгаліся па шыбах і блішчэлі, як сьлёзы.

Сьляпая хутка спустошыла талерку, выцерла пальцы кончыкамі хусткі з галавы, правяла губамі аб рукаво старамоднага плюшавага паліта туды і сюды, нібы брытву вастрыла.