— Дык што-ж рабіць? — пытаецца чалавек з вачыма сфінкса ў чалавека бяз знакаў прыпынку.
— А нічога рабіць ня трэба. На мой погляд, нават добра. Кніжка хутчэй разыйдзецца.
Тым часам пані Мар‘я прынесла бутэльку віна і бокалы, падобныя да вадзяных лілеяў. Калі госьці выпілі, вастрыня ўражаньня ад артыкулу ступілася.
Цярэшка супакоіўся. А чалавек бяз знакаў прыпынку задумаўся, мэкнуў і сказаў:
— Дзядзька Цярэшка мае перад сабою ў недалёкай будучыні большыя абавязкі, чымся пісаць „Галасы палёў“. Ня доўга нам чакаць прыдзецца. Тады нашыя „Галасы палёў“ (ён зноў сказаў „нашыя“) стануць падручнікам для маладых пісьменьнікаў.
Ён выпіў яшчэ раз і давай раіць Цярэшку, як трымацца. Пры гэтым чалавек бяз знакаў прыпынку меў прывычку, калі гаварыў нешта сардэчнае, глыбокадумнае і высокаўзьлётнае, выдаваць часта гук падобны да „м-м-м“. Ён сказаў:
— Углыбецеся, дзядзька Цярэшка, у сябе, м-м-м. Думайце аб вечным харастве, м-м-м, на зямлі і няхай вам не перашкаджаюць драбніцы. Будзьце горды сабою. Усё рэшта, м-м-м, — трынь-трава!
Цяпер, як ніколі ў іншы час, чалавек бяз знакаў прыпынку быў падобны да апостала. Ён падняўся з месца з бокалам у руках і гаварыў сваё казаньне:
— М-м-м. Калі гэтыя „Галасы палёў“ нам цяпер няпрыемнасьці прынясуць, дык ня трэба падаць духам. Панства духа бязьмежна шырока, м-м-м, і духоўнага на сьвеце бязьмежна шмат. Што такое па сутнасьці дух? М-м-м. Гэта спадчына, якую мы атрымалі ад пра-прадзедаў на зямельцы роднай. Дух ваш, дзядзька Цярэшка, павінен, м-м-м, быць свабодным і мужным. Калі дух можа быць такім? Толькі, м-м-м, тады, калі ён абкружаны самім сабою і ня цікавіцца вакольным. Так. Вакольным ня цікавіцца. Духоўны сьвет трэба, м-м-м, шукаць у самім сабе.
Чалавек бяз знакаў прыпынку захапіўся сваімі ўласнымі словамі. У яго быў такі выгляд, нібы ў ката, які ўздумаў раптам лавіць свой уласны хвост. Ён трохі адпіў з свайго бокала і гаварыў далей. Ад вялікага сардэчнага ўзрушэньня перайшоў на расійскую мову:
— Как мечтатель, живущий в своём собственном мире им же созданных, м-м-м, фантастических образов, как безумец, создавший себе свой собственный призрачный мир, вне которого, м-м-м, он не был бы безумцем, — так и дух должен создать себе свой духовный мир, м-м-м, духовный мир. Дух только тогда дух, когда он проявляется в духовном творчестве. И вы, дядька Терешко, в „Голосах полей“, м-м-м-м-м-м…
Тут чалавек бяз знакаў прыпынкаў спыніўся, заўважыўшы, што чалавек з вачыма сфінкса на яго скоса пазірае, і вылаіў самога сябе: