гаецца і праскоквае, нібы ад пажару ўцякае. Хто робіць штучна незалежны выгляд і ня ведае, дзе свае рукі дзець, рукі раптам лішнімі робяцца, і ён імі па-вайсковаму размахвае. Хто перакінецца ветлівым словам з брыгадай. Відаць, ужо гаварыў з гэтымі людзьмі. Відаць, што свае.
Прышлі гаспадары.
Лысіны розных формаў, твары розных узростаў і стыляў нагінаюцца над кнігамі і рукапісам. Глядзяць адны на адных з запытаньяем:
— Што чуваць?
— Хто яго ведае.
Знакамітыя анэкдотысты інстытуту — адзін чарнява-сівенькі экономіст, другі блёндыністы залатазубы гайдачаназнаўца — не разнасяць па габінэтах на сьняданьне штодзённай порцыі сьвежых анэкдотаў. Ды іхнія ранейшыя анэкдоты на трамвайныя конкрэтныя тэмы не апраўдаліся. Рэйкі на вуліцах Менску не засталіся ляжаць да трэцяй пяцігодкі… Самі анэкдодысты езьдзяць трамваем на працу. Яны-б можа выціснулі з сваіх мазгоў анэкдоты аб рабочай брыгадзе, але…
Прышлі гаспадары.
Круглы і лысы сядзіць у сваім габінэце. Калі хто да яго заходзіць, дык ён таго сустракае:
— Грахі… Грахі…
Сумныя і жаласьлівыя вочы круглага і лысага ветліва просяць садзіцца на мяккае скураное крэсла і бяз слоў гавораць:
— Грахі… Грахі…
Ён пачынае гутарку на розныя тэмы ды з затоеным стогнам усё варочаецца да галоўнага:
— Грахі… Грахі…
Многія з профэсуры радуюцца прыходу гаспадароў разам з Малеўскім, Ярэмчыкам і Сакалоўскім. І ў габінэтах сустракаюцца і перакрыжоўваюцца між сабою вочы. У адных радасьць, у другіх трывога.
З тых месц, адкуль праз вокны інстытуту відаць задымленыя фабрычныя коміны, прышла сюды ўпяршыню за ўсе гады рабочая брыгада.
— Гэта мне не падабаецца, — сказаў чалавек бяз знакаў прыпынку. — Навошта сьмецьце з хаты выносіць? Навошта пераносіць крытыку прац інстытуту ў рабочы клюб? У нас такая вялізная заля.
Ён быў абураны. За некалькі тыдняў працы рабочай брыгады, у дыплёматычнай барадзе чалавека бяз знакаў прыпынку сівізна ўзяла верх над чарнізнай.
— А мне не падабаецца ўся гэта крытыка, Ды што ты тут, чалавеча, зробіш. У нас аб гэтым ня пытаюцца, — заўважыў чалавек з вачыма сфінкса.