З-за абабітых тоўстым лямцам і чорнай цыратай дзьвярэй пачуўся прыглушаны, палахлівы голас.
— Гэта я, пані Мар‘ячка.
Зарумянены ў цяплыні кухні і прыемнай заклапочанасьці твар пані Мар‘і раптам выцягнуўся ад расчараванасьці. „Зноў гэта сьляпая“, — падумала яна.
— Цёця Вярбіцкая?
— Я, пані Мар‘ячка.
Гаспадыня адчыніла дзьверы.
Разам з марозьлівым паветрам усунулася ў цемнаваты калідор высокая жанчына сярэдніх год, за ёю дзяўчынка падлетак. Старая жанчына выставіла наперад рукі з растапыранымі пальцамі. Яе твар быў падобны да кітайскай маскі.
— Ты, Бронька, ідзі дамоў, — зьвярнулася сьляпая да сваёй дачкі. Прыдзеш па мяне пазьнёй.
І тут-жа тлумачыла гаспадыні:
— Ведаеце, пані Мар‘ячка, што нельга старога вар‘ята аднаго ў хаце пакідаць.
Дзяўчынка шуснула за дзьверы са спрытам мышы.
Пані Мар‘я ўзяла старую за руку і асьцярожна, нібы разьвязаны мяшок з гусіным пухам, які вось-вось разьляціцца ва ўсе бакі, павяла сьляпую ў сталовы пакой. Падсунула ёй крэсла ззаду, шарахнула па падлозе ножкамі крэсла, каб сьляпая магла па слуху орыентавацца, дзе і як сесьці, і сказала гасьцінна-салодкім голасам:
— Садзецеся, цёця Вярбіцкая.
Сьляпая села з крэхтам, з войканьнем, асьцярожна намацваючы крэсла растапыранымі пальцамі, быццам шукае на ім натыканых вострых шпілек, і нібы ўсё яе цела — адна незагоеная рана. Расьселася шырока і ўздыхнула з аблягчэньнем: нарэшце знайшла патрэбнае месца і будзе тут сядзець гадамі — да канца жыцьця.
Пані Мар‘я грэбліва паморшчылася і, зірнуўшы ў мутнаватыя сьляпыя вочы Вярбіцкай, пачырванела. Ёй заўсёды здавалася, што Вярбіцкая толькі прытвараецца сьляпой, а ў сапраўднасьці бачыць. У вачох Вярбіцкай ня было яўных адзнакаў сьлепаты. Толькі, калі паласа сонца трапіла як раз у вочы сьляпой, і яна не сажмурылася, а, наадварот, старалася трымаць супроць сонца шырока расплюснутыя вочы, каб сагрэць іх, як чалавек грэе вушы, пані Мар‘я супакоілася і прысела побач.
Рукі пані Мар‘і, пульхныя і ружовыя, былі закасаны вышэй лакцёў, да пальцаў былі прыклеены, нібы кавалачкі каляровай гутапэрчы, шалупінкі ад цыбулі. Яна перад гэтым працавала ў кухні.
Сьляпая грэла на сонцы схаладалы на марозе твар. Чулыя зморшчынкі на яе лобе і на зямліста-шэрых шчоках трапяталіся, адчуваючы цёплае паветра сталовай. Завостраная высунутая наперад барада рухалася туды і сюды, як на спрунжынах. Тон-