Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З-за дзьвярэй чуваць голас жонкі. Ноткі нецярплівасьці ў яе словах:

— Пойдзеш сьнедаць, ці не?

— Адчапіся! — кажа Цярэшка. На чарзе ў яго чацьвертая кніжка.

Міламу і дарагому, шаноўнаму і паважанаму крытыку Гайдачу-Алалоўніку. Кіруюся ў творчасьці выключна Вамі. Адважуся даць Вам „Галасы палёў“ на строгі прысуд. Я ўпэўнены, што вы зразумееце аўтара і адчуеце „Галасы палёў“: такімі, якімі яны ёсьць. Калі мяне прызнаюць як поэта, дык дзякуючы Вашай глыбокай і трапнай крытыцы. Сардэчна і шчыра дзякую за Вашыя прыязныя адносіны да мяне на балонках друку. Адданы Вам як нікому

АНТОН ЦЯРЭШКА

А гэты? — О-го-го! Гайдач адразу прачытае прысьвячэньне, напісанае аўтарам на першай балонцы аж тры разы адным махам, пакруціць па-гусінаму галаву і скажа: „Дзякую, дзякую, дзякую, дзядзенька Цярэшка!“ Пачне трасьці руку моцна, рупна прыгнецца і яшчэ раз падзякуе, выпрастаецца і яшчэ раз падзякуе, выпрастаецца і яшчэ раз. І будзе дзякаваць пры кожнай сустрэчы яшчэ некалькі дзён…

Ціханька адчыняюцца дзьверы габінэта, і Мзей, дачушка Язэпа Крушынскага, якая жыве цяпер у Цярэшкавых, кажа:

— Дзядзька Антон. Цёця прасіла, каб ішлі есьці.

— Га-а-а? — усхапіўся Цярэшка. — Ідзі! не перашкаджай!

Спалоханая Мзей спрытна, як мышка, высоўваецца з пакоя.

Цярэшка бярэцца за пятую кніжку. Доўга думае, курыць ды злуецца:

— Перашкаджаюць. Думкі перабіваюць.

Ён трэ левай рукою лоб і піша:

Дарагому і слаўнаму Лявону Максымычу Лапоўскаму. Лічу, што гата кніжка не мая, а Ваша. Бо Вы сваімі гутаркамі, сваімі філёзофскімі развагамі і чыста беларускай мудрасьцю заўсёды…

Раптам у габінэт урываецда бура некалькіх галасоў. Цярэшка аж ускочыў з свайго месца. Дзьверы габінэта адчыніліся, і з сур‘ёзным тварам і грознымі вачыма пані Мар‘я несла шклянку гарбаты. За паняй Мар‘яй работніца ўрачыста трымала невялікую тацу. На тацы — булачка, сыр з маслам, каўбаса і хлеб. За работніцай ішла Мзей з абрусом у руках.

— Разумна прыдумана, — пахваліў Цярэшка і засьмяяўся. Я-ткі, па шчырасьці кажучы, прагаладаўся. Каб да такой процэсыі яшчэ пару музыкаў і адну балярыну, дык можна было-б з прыемнасьцю пасьнедаць.

— Кінь глупства гаварыць, а сьнедай! — загадвае пані Мар‘я