Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/338

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цярэшка пачынае пісаць надпісы на першай балонцы кніжкі пасьля вокладкі. Пры гэтым у думках лаецца:

— Чорт ведае! Пішы вось… Куды лягчэй некалькі вершаў напісаць, чымся адно прысьвячэньне на кніжцы. Трэба так пісаць, каб кожнаму трапіць пад яго густ, стукнуць цёплым словам у самае сэрца. Трэба…

Ён піша:

Дзеду беларускага руху, рыцару адраджэньня народу нашага, шаноўнаму і дарагому N .........
Ад вас я вучыўся. Вы мяне, можна сказаць, выгадавалі. Заўсёды Вы мне надавалі натхненьне сваім вогненым гарачым і родным словам. Прыміце „Галасы палёў“ — думы сэрца майго — у знак найвялікшай да вас пашаны. Заўсёды Ваш

АНТОН ЦЯРЭШКА

Цярэшка ведае: гэты дзядок-профэсар возьме кніжку, кінецца яму на шыю цалавацца і пачне ад чульлівасьці выціраць вочы.

— Ідзі сьнедаць! — чуе Цярэшка з-за дзьвярэй голас жонкі.

— Зараз пайду.

Піша на другой кніжцы:

Бацьку „НАШАЕ НІВЫ“. Найлепшаму майму настаўніку і бацьку духоўнаму, шчыраму ратаю на роднай глебе N ............
Буду лічыць за вялікі гонар, калі пачытаеце мае „Галасы палёў“. Гэтыя вершы я пісаў, кіруючыся выключна Вашымі настаўніцкімі, каштоўным, для мяне, парадамі. Ваш духоўны сын АНТОН ЦЯРЭШКА

І Цярэшку добра вядома: гэты дзядзя скосу, адным вокам, зірне ў кніжку, падзякуе і моцна пацісьне руку.

У габінэт усоўваецца хатняя работніца.

— Астыне гарбата. Пані Мар‘я прасіла, каб ішлі сьнедаць.

— Добра.

І ён бярэцца за трэцюю кніжку:

Вялікаму N ............
ад маленькага Цярэшкі. Адважуся паднесьці Вам свае „Галасы палёў“. З сэрцатрапятаньнем буду чакаць Вашага слова аб гэтай кніжцы. Ваша ацэнка для мяне той маяк, які ў далейшым будзе сьвяціць на маім творчым шляху. Хілю галаву перад вашым геніем. Ваш вучань

АНТОН ЦЯРЭШКА

Гэты і на кніжку ня гляне, пахваліць кніжку і яе зьмест, зірнуўшы толькі на вокладку, і скажа: „Як найхутчэй трэба апрыскаць вашыя „Галасы“, а то ахрыпнуць. Хадзем пакуль што па кухню вып‘ем, а там пабачым“.