Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/337

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

41

Зрываюць маскі


ЯКРАЗ гэтай парою ўрываецца праз вакно ў габінэт Антона Цярэшкі ранішняе сонца. Яно лезе на пісьмовы стол.

А калі ў гэты час Цярэшка сядзіць пры стале, яно грэе яму левую шчаку.

Сягоньня на стале красуецца стопка кніжак — „Галасы палёў“. На вокладцы — птушкі, падобныя да самалётаў, дзераўцы, падобныя да птушак, і хаткі, падобныя да дзераўцаў. Сонца з вакна палажыла на вокладку кніжкі рыжую лапу і хоча замазаць вокладку новым колерам.

Учора Цярэшка дастаў на кніжнай базе дваццаць пяць экзэмпляраў „аўтарскіх“. Каб даць кніжку з надпісамі „ад аўтара“ толькі самым блізкім, дык набярэцца да сарака, і то яшчэ некатарыя будуць крыўдзіцца і будуць напіманаць:

— Дзядзька Цярэшка, чакаю кніжкі.

— Дзядзька Цярэшка, яшчэ мне ня далі.

— Вы пэўна забыліся, дзядзька Цярэшка.

— Дзядзька Цярэшка…

Учора раздаў служачым на базе пяць экзэмпляраў.

Прычапіліся:

— Дайце, дзядзька Цярэшка. Мы пастараемся распаўсюдзіць вашу кніжку.

Ён насьпех пісаў хімічным алоўкам. Пры гэтым няпрыемна было пытацца як завуць. А прыходзілася. Ён пісаў:

„Ад аўтара“,

„На памяць“,

„Паважанаму“,

„Дарагому“,

„З пашанай“.

Тое самае і ў кнігарні трэба будзе даніну аддаць. А як не дасі, калі ад гэтых „дарагіх“ і „паважаных“ залежыць продаж кніжкі? Купіш і дасі.

— А вось упяршыню Язэпу Крушынскаму не дасі.

Заўсёды той атрымліваў Цярэшкавыя кніжкі з самымі гарачымі надпісамі… Цяпер ён недзе далёка, дзе салаўі пяюць…

На дварэ сонца, мароз і вецер. У габінэце сонца, прытул і цяпло.