Перайсці да зместу

Старонка:Язэп Крушынскі. 2-я кніга (1932).pdf/336

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Завея кідала яму ў вочы белае пер‘е, сьляпіла, ірвала з рук рыдлёўку. Дзед адкідваў, а завея намятала новыя гурбы. Дзед спацеў. Яму стала горача, расчыняе рот, і белыя мухі да балючай прыемнасьці язык студзяць. Шамкае бяззубым ротам сьнежны пыл, нібы манную кашу. Капае рыдлёўкай, шуфлюе, згінаецца, гэхкае. Вось дабіраецца да чысьцюткай зямлі, да сьвятой-сьвятых яе грудзей, дзе ўвосені жыцянымі шпілечкамі выціснулася з-пад верхняй лушпінкі глебы скупая рунь кепскага насеньня.

Мяцеліца мяце, а дзед:

— Альба — альба…

Правая рука моцна рыдлёўку трымае, левая ледзь дапамагае. Дзед рупна скінуў кажух. Горача, няпрытомна гараць вочы.

— Гэй, Галава, бацька. Драздоў, дапамажы суседу!

Забыўся, што Галава ўжо зімуе першую зімку ў труне.


— Сухарукі забаламуціўся, — прынесьлі навіну ў вёску. — У чыстым полі сьнег адкопвае з сваіх меж…

— Бедны… Стары кацялок не пераварвае, — гаварылі колгасьнікі да Сухарукавага сына. — Няхай сабе дзед паасобку гаспадарыць.

— Дзе там яму гаспадарыць? — аж зазлаваўся той. — Мой стары з глуздоў зьехаў. Нічым тут не паможаш.

У другі раз Сухарукі — старэйшы з роду Дзятлаў — у цёмную ноч пашоў некуды. Хатнія не агледзіліся. Раптам пачулі людзі сярод ночы перакліканьне званоў. Устрывожыліся, аглядаліся, ці не палыхае ў небе полымя пажару. Прыслухоўваліся, ці ня чуваць крыку, гвалту. І пабеглі з ўсіх бакоў да забытай царквы.

На званіцы знайшлі адубелага ад мароза і зусім звар‘яцелага Сухарукага. Ён упіраўся рукамі і нагамі ды не хацеў зьлезьці.

Некаторыя старыя бабы пачалі прыдумваць новыя байкі аб „цудах божых“.

Тады колгасьнікі пастанавілі зьняць званы.