Сельсавет перанесьлі з Гайдачан у дом бацюшкі. Драчык яшчэ ўвосені зьбіраўся гэта рабіць. Усё часу ня было.
Царква зусім забыта людзьмі. Дзьверы яе занесены сьнегам. Часта Драчык глядзіць на яе праз вакно сельсавету. Яна мазоліць яму вочы.
І вось была пушчана пагалоска, што стары Сухарукі, адзін з бацькоў Драздоў і Дзятлаў, нейк дзіўным зрабіўся. Пачаў гаварыць сам з сабою аб тым, што нікога на свае межы ня пусьціць, што крыжам ляжа, і сваёй зямлі нікому не аддасьць.
Стары Сухарук сядзеў прыкурчаны на шырокім тапчане і пазіраў праз вакенца на двор.
Быў адзін з гарачых дзён колектывізацыі ў Гайдачанскім сельсавеце. На дварэ выла, скаголіла і хадыром хадзіла мяцеліца. Вецер насьвістваў па комінах заліхвацкія песьні. Салома па стрэхах так шурхала, нібы там гойсала стада спалоханых авечак. Квахталі трывожным квохтам старыя вароты. Гурбы сьнега паўставалі дуба і падалі плазма ля сутулых бярозавых платоў раненымі белымі мядзьведзямі, падалі і паўзьлі ракам па дварох і гумнах. Гурбы сьнегу раздвойваліся, растройваліся, зноў сьціскваліся ў адно і курадымілі пад вакенцам.
Стары Сухарукі горбіўся ў кажуху на тапчане, зірк-зірк у шыбіну і мяцеліцы ня бачыў. Перад яго зрокам і слыхам як наўмысна зазелянелася веснавая трава, і заціўкалі жаўранкі. Над балотным абшарам шалясьцела крыльлем стада буслоў. А на полі за вёскай заворваюць у адзін абшар у даўжэзныя, як дзедава жыцьцё, барозны разам з суседнімі і яго вузенькія, бы ручнікі, палоскі…
Глядзеў стары Сухарукі ў вакенца і праз каламуць і сьляпніцу мяцеліцы адчуваў трывожную для сябе вясну.
— Крыжам лягу, а не дазволю!
Цмокаў з засосам абгрызаны, абсмактаны цыбук старой са шматгадовым дурнапахам люлькі. А ў люльцы ня было тытуну, яна ня дыміла. Заядлы курэц не запрыкмеціў…
Гэты дзень быў адным з гарачых ў Гайдачанскім сельсавеце.
Колгасны актыў меркаваў розныя пляны аб тым, як палепшыць жыцьцё Драздоў і Дзятлаў. Зьвінеў голас Антося Драчыка:
— Люблю праўду! Выкарчуем з нашай зямлі рэшткі мінулага! З карэньнем вырвем! Люблю шчырасьць, радавацца будуць людзі. Аратаі зьменяцца ў нас, новымі стануць. Гэтага ня ўцяміць хіба такія, як Сухарукі.
Блішчэлі радаснай дабратой шэрыя вочы Антося Драчыка.
Сухарукі пачаў рыдлёўкай раскопваць тое месца, дзе каля адзінокага дуба павінна быць мяжа аднаго з яго шнуроў, ледзь шырэйшы за мяжу.
Мяцеліца заскаголіла над старым, сарвала шапку з яго галавы і кудысьці занесла, закінула. Ён нават не запрыкмеціў…