Зьмітрок з імі вітаецца.
— А ты, Сідар, што валачэшся хворы? — пытаецца ён у аднаго худога селяніна ў латаным, зашмальцаваным кажушку.
— Усёроўна.
Сідар махае рукамі. Ён ледзь на нагах стаіць ад слабасьці.
— Хто сёлета ў цябе касіў луг?
— Хвёдар…
— І ўсё сена забраў?
— Навошта мне сена, калі ня маю каго карміць гэтым сенам. Бачыш, хварэю; жывёлу прадаў.
Сідар вінавата апускае галаву.
— Хвёдар і каня ў мяне адкупіў, — мармыча ён ціха, нібы жабе самому навіну гаворыць. — Дзеці малыя…
— Хвё-о-о-да-ар! — крычыць гаспадыня ў другі раз.
— Чаго-о-о табе? — плыве з пуні Хвёдараў адказ.
— Ды ты, Марыля, ня крычы. Мы да яго пойдам, — супакойвае гаспадыню Зьмітрок.
Гаспадыня ўспляснула рукамі:
— Абожа-ж мой… А мі-і-іленькі…
У пуні яны засталі Хвёдара пры тым, як ён канчаў аблупліваць карову. Над цёплым яшчэ тулавам віўся ледзь прыкметны дымок пары…
— Га? — адазваўся Хвёдар на прывітаньне Зьмітрака:
— Ты ня кепскі скуралуп! Навошта такую добрую карову зарэзаў?
— Як навошта, на мяса, — спакойна адказвае Хвёдар.
— А ведаеш, што дастанеш за разбазарваньне жывёлы?
— Жывёла мая. Што хачу тое і раблю.
Хвёдар адразу падняўся, і твар яго зрабіўся сур‘ёзным. Ня ведаў, як схаваць боты і рукі — запэцканыя ў крыві.
— Эх, ты скуралуп! Раней Сідара некалькі год лупіў, а цяпер вось што ты робіш! Хадзем! Трэба рабіць вопіс тваёй гаспадаркі. Хлопцы, запрэце пуню, каб сабакі ня ўлезьлі сюды, — зьвярнуўся Зьмітрок гаспадарчым тонам.
— Што? раскулачваеш? — запытаўся Хвёдар зьмененым раптам толасам, і левая рука ў яго павісла, як чужая.
Зьмітрок нічога не адказвае.
У хату ідзе ўжо не ранейшы Хвёдар, моцны і ўпэўнены а чалавек, якога раптам нібы схваціў паляруш. У яго апусьцілася галава.
На гумне нібы дробныя хатачкі з дзіцячых казак стаяць, рамачныя вульлі. Іхныя маленькія стрэшкі абтушаны сьвежым сьняжком. Дзьверцы і сьценкі вульляў хварбаваны ў зялёны колер. Над вульлямі нібы белыя пчолы, кружацца-мільгаюць сьняжынкі.
— Падлічы, Лявон, вульлі, — загадаў Зьмітрок аднаму маладому хлапцу з комсамольскай брыгады.