яго нутраным зрокам — нямалы абшар сельсавету, асьветлены сонцам, жыве новым жыцьцём…
У гэтыя ночы Драчык сьпіць толькі па тры-чатыры гадзіны. Схуд за гэты час.
— Яшчэ адна пяцігодка, — думае ён.
Пасьля адлігі выпаў новы сьнег.
Зьмітрок, Драчык з брыгадай комсамольцаў паехалі ў пасёлак да Хвёдара. Санкі шпарка сьлізгаліся па сьнезе. Мільгалі перад вачыма і адсоўваліся назад платы, дробныя хмызьнячкі.
Трохі няпрыемна Зьмітраку:
…Калісьці разам у арміі служылі, былі шчырымі таварышамі. Чужым зрабіўся цяпер Хвёдар, чужым і далёкім…
Бялее на ўзгорачку прышчэпаўскі пасёлак, які выгадаў пару новых кулакоў ды ўзмацніў ранейшых.
Хутка імчацца санкі, шорхаюць па пухкім сьнезе.
Пасёлак расьце перад вачыма, набліжаецца.
На Хвёдаравым двары іх сустрэла гаспадыня, Хвёдарава жонка.
— Да нас?
— Да вас.
— Гаспадыня выцірае рукою сьняжынкі з русых валасоў, падазрона глядзіць на гасьцей.
— Хвёдар дома?
Маладая ружовая Хвёдарыха аглядаецца па бакох, паратунку шукае.
— У хаце яго няма, — кажа яна.
Ноткі спалоху ў голасе. Яна ўтаропіла вочы ў твар Зьмітрака, шукае ў ім тлумачэньня: навошта запатрэбіўся Хвёдар.
— Дык дзе-ж ён? — не адстае Зьмітрок.
Яна стараецца не глядзець у бок гумна. Адвярнулася тварам да абледзянелай студні.
— Ня ведаю, дзе Хвёдар.
— Ня ведаеш, дык абыйдземся без яго.
Нешта такое было ў голасе Зьмітрака, ад чаго яна яшчэ больш устрывожылася.
— А вы па якой справе прыехалі?
— Трэба апісаць вашу гаспадарку, — сказаў Драчык.
Жанчына пабляднела. У яе вачох загарэліся два аганькі.
— Вось як… Вось як…
Адвярнулася ў бок гумна і крыкнула:
— Хвё-о-о-да-ар!
— Глядзі, і Хвёдар дома!
Зьмітрок усьміхнуўся, і дзьве глыбокія маршчынкі зайгралі на яго ілбе.
Да двара падыходзяць некалькі пасялкоўцаў.
Зацікаўленымі вачыма паглядаюць на Зьмітрака, Антося Драчыка і маладых хлапцоў, якія стаяць каля санак.