цягнецца ад бандыта Язэпа Крушынскага. Вы ледзь ня ўсе парабкамі былі ў яго, за гарэлку і касу ён вас купляў і прадаваў. У яго вы заўсёды талакою працавалі, а для сябе вы ня хочаце агульна весьці сваю гаспадарку. Я думаю, што сягоньня ўсе дадуць згоду організаваць у нас колгас. Я першым іду!
— Бач, як швагер швагру комэрцыю падтрымлівае! — крыкнуў хтосьці з грамады раздражнёна і злосна.
— Хто яшчэ просіць слова? — запытаўся Драчык і давай аглядаць сход, плаваў вачыма па лаўках, лавіў здаровым вухам галасы сялян.
Шушуканьне прайшло ла ўсіх куткох. Адзін кашлянуў.
— Ты, Мірон, просіш слова? — зьвярнуўся Драчык да таго, хто кашлянуў. Дык ня кашляй, а гавары сьмела! Люблю шчырасьць, няма чаго маўчаць, таварышы!
— Я не прашу, — апраўдваўся Мірон і яшчэ раз кашлянуў.
— Ніхто ня хоча выказацца? І так усё ясна? Тады можа хто пытацца хоча?
Ніхто не зварухнуўся.
Зрабілася так ціха, што чуваць было, як стары Сухарукі старанна цмокаў сваю люльку.
— Пастаў, Антось, на галасаваньне! — шапнуў Мікола.
— Хто за колгасы? — крыкнуў Драчык.
Яго ліхаманкавыя вочы ахапілі ўсю залю. Над галовамі сходу ён заўважыў толькі двое рук — Марціна і Мэры.
Драчык глядзеў на дзьве паднятыя рукі, як на выспы паратунку ў бурлівым моры, і ахрыплым голасам прагаварыў:
— А яшчэ хто?
— Ніхто… — мармытнуў „Леў Талстой“: ён рыхтаваўся лічыць: галасы.
— Хто супроць колгасу?
А Драчык сьціснуў зубы. Сківіцы ў яго дрыжэлі ад напружанага гневу. Вочы кідалі нажы на анямелы сход.
— Ніхто… — уздыхнуў „Леў Талстой“. — Хто-ж гэта іх зачараваў? Трэба прызнацца, гэта ўжо нешта нейкае… Та-а-ак…
— Хто стрымаўся?
— Ніхто.
Пры гэтым слове „Леў Талстой“ выцер акуляры, а хацеў выцерці ўспацелы лоб…
Мікола ўтаропіўся ў залю.
Апрача вачэй, па рознаму бліскучых, гаварлівых бяз слоў, ён нічога ня бачыў. Твары і постаці зьліваліся перад яго зрокам у адну туманістую бясформеную масу. Ён успомніў саламяныя стрэхі, вузенькія шнурочкі, схудалых маленькіх конікаў, малаўрадлівую глебу. Забалела… Чым прабіць гэту многавекавую саламяную крэпасьць, якая прапахла клапамі, „сьвятымі“ абразамі і брыдкімі лаянкамі? Як ты ім дасі зразумець, што колгас — адзіны для іх паратунак? Няйнакш варожыя лапы заткнулі ім раты…