У адзін з гэтых шумных, дзён у Курганішчы ў кузьні, дзе раней Язэп Крушынскі рыхтаваў на продаж калёсы на жалезным хаду, пачуўся звон малаткоў. Рамантаваліся плугі ды іншыя сельскагаспадарчыя прылады гайдачан для колгасу імя Першага мая. У дапамогу старому кавалю прымацавалі да кузьні яшчэ двух камсамольцаў. Вакол кузьні грамадкі людзей.
За пару дзён каля кузьні вытапталі чорную пляміну зямлі. Ня то што сьнегу тут не засталося, але і леташняй травы.
Часта падыходзіў сюды, крадучыся, Слуп. Глядзеў на гайдачан кплівымі вачыма:
— Плужочак ладзіш, першамайнік?
— Плужок, а табе што?
— Мне? Мне нічога, цябе шкадую. Хіба вясною цябе самога ў ім араць упрагуць, бо коні вашыя перадохнуць. Хто за імі цяпер глядзіць, за чужымі?
— Толькі ты, Слуп, ня вельмі бядуй, — адказвае барадаты гайдачанін.
— Як мне не бедаваць? Суседа шкода.
— Ідзі адгэтуль, бо пападзецца табе за кулацкую агітацыю.
Той злуецца ды аглядаецца па бакох, каб ніхто ўсё-ж такі не пачуў…
Слуп сьмялее.
— Ты схаваў калёсы? Хоць калёсы схавай, а то паломяць. Па-суседзку кажу. Я-ж цяпер такі серадняк, як і ты…
Барадаты наставіў вушы.
— Калёсы, кажаш?
— Ты-ж гэтулькі гараваў, пакуль іх нажыў… (у Слупа літасьлівы галасок.) Ты ўжо, братку, не гаспадар. Над сталым чалавекам гаспадараць сысуны-комсамольцы. Дажыўся ты, няшчасны.
— Ня плач над маёю галавою.
Слуп аглядаецца па бакох і шэптам кажа:
— Схавай, дурны, калёсы, як суседу кажу. Будзеш пасьля шкадаваць.
З кузьні вышаў адзін з памочнікаў Лейбы, малады хлапец.
Слуп павярнуўся ды праз сад пайшоў у вёску.
— Што табе Слуп на вуха бубніў?
— А нічога… Пытаўся, ці можна тут яго каня падкаваць…
У бакавым пакоіку на ложку гара падушак і падушачак „матушкі“. Ад большых да меншых яны цягнуцца ўверх завостраным стажком. З боку каля самага вакна круглы столік. Айцец Дзімітры сядзіць пры століку і піша. Часам паднімае твар з паперы і глядзіць у вакно. Са страхі падаюць уніз кроплі. Мільгаюць перад вачыма. У цішыні айцец чуе, як кроплі плюхаюцца ў лужынку. Яны лічаць хвіліны, лічаць нясупынна, без памылак: раз… два… тры… На гародзе выступіла чорнае