па маленькую газоўку. Яе паставілі на калоду пасярод пуні. Жоўтым кругам расплылося сьвятло лямпачкі ў халоднай цёмнай будыніне. Слуп выняў з кішэні навостраны нож. Дзьве пары вачэй паглядзелі на Слупа і Бочку ня то са страхам, ня то з дзівам. Гэты выраз асьвечваўся ў цёмных зрэнках Гальяша і каровы.
— Што-ж тут такое будзе? — запытаўся Гальяшка.
Ні бацька, ні сусед яму на гэта не адказалі. Яны можа і ня чулі, бо былі заняты. Нейкім хітрым чынам зачапілі ногі каровы вяроўкай і карова павалілася. Тады моцна зьвязалі ёй ногі. Бочка ўрэпіўся за рогі і павярнуў, пацягнуў карову за галаву. Бурая шыя каровы напружылася. Слуп падышоў з нажом… Карова замэкала. Спужаўся Гальяшка:
— Татка, ня трэба…
І сьлёзы бліснулі ў яго вачох.
— Адыйдзі!
Гальяшка яшчэ больш спалохаўся. Заплакаў.
— У хату ідзі, шчанё! — крыкнуў бацька.
Хлапец пабег.
Як справіліся з каровай, прывалаклі пару авечак. Скончылі і пашлі да Слупа рабіць тое самае…
Яшчэ ўдодні яны паехалі ў Менск. Па дарозе заўважылі многіх, якія вязьлі на рынак такі самы тавар. У некаторых дя санак была прывязана на павадку жывёла.
У менску ў Цярэшкавай кватэры на кухні тады стаяла пазычаная ў суседкі, былой крамнічыхі, паіржавелая вага. Тут адбываўся продаж мяса. Зося, хатняя работніца Цярэшкавых наказала ўсім знаёмым. Прыходзілі пакупцы, Слуп і Бочка з імі нават мала таргаваліся. Ці ведаў Цярэшка аб гэтым, ці яе, але яго жонка прымала ў гэтай працы самы гарачы ўдзел.
Удава Мацеіха глядзела праз вакенца на вуліцу. Нядаўна ўправілася са сьнеданьнем. Накарміла бульбай сына, які зараз-жа пабег у Гайдачаны ў сельсавет, і ня ведае яна, што рыхтаваць на абед. Ужо некалькі тыдняў, як сын увайшоў у комсамол. Цэлымі днямі працуе ў сельсавеце. Лявон з ёю цяпер мала гавовыць: ён вельмі заняты. Глядзіць Маціеха ў вакно і бачыць: ганьня сабак цягне па вуліцы трыбух і кішкі. За сабакамі з кіямі ў руках бягуць дзеці.
— Хто-ж гэта жывёлу зарэзаў? — падумала яна. — Эх, даўно мяса не каштавала… Забылася нават смак гэтага мяса… Добра, каб хлеба было ў волю. Колькі ўжо год будзе як Мацей памер?
Мацеіха ўспомніла:
Было так. Пры паляках яе муж партызаніў. Яго шукалі. І вось аднаго разу… Была тады цёмная летняя ноч. Душна было ў хаце. Яна спала на ложку з васьмігадовым хлапчуком. Пачула,